Што варта ведаць пры выбары кантактных лінз

Contact Len on Finger with White background

Рэкамендацыі для тых хто карыстаецца кантактнымі лінзамі або толькі збіраеццца іх набыць.

Даволі працяглы час адзіным сродкам барацьбы з дрэнным зрокам былі акуляры. Аднак навука і медыцына не стаяць на месцы і вось ужо больш як 50 год прагрэсіўнае чалавецтва ўсё актыўней і актыўней карыстаецца кантактнымі лінзамі.

Канкрэтнага адказу на пытанне: што лепш акуляры або лінзы? — няма, і кожны сам вырашае, што яму зручней насіць. Калі вы носіце лінзы або толькі збіраецесь іх набыць – гэты матэрыял для вас.

Якія кантактныя лінзы самыя лепшыя, каму можна імі карыстацца, ці можна з лінзамі хадзіць у лазню (руск. баню) і салярый — на гэтыя і іншыя цікавыя пытані gorad.by адказаў загадчык дзіцячым афтальманалагічным аддзяленнем Магілёўскай абласной бальніцы Вячаслаў Бурак.

Паказанні да нашэння лінзаў

Кантактныя лінзы прызначаюцца па медыцынскіх, касметычных і прафесійных паказаннях, а таксама ў лячэбных мэтах:

— Пры кератоканусе;
— Пры манакулярнай афакіі, пасля выдалення катаракты;
— Пры астыгматызме;
— Пры міапіі (блізарукасці) сярэдняй ці высокай ступені з астыгматызмам;
— Пры слабабачанні;
— Пры анізаметрапіі (пры вялікай розніцы — больш 0,2 – 0,5 дыёптрый — у зроку двух вачэй);
— Пры сіндроме «лянівага вока» і г. д.

Дзецям і падлеткам кантактныя лінзы паказаны пры розных парушэннях рэфракцыі, амбліапіі, касавокасці, афакіі (адсутнасць крышталіка), а таксама ў выпадках, калі карэкцыя з дапамогай акуляраў не дае чаканых вынікаў.

Якія ёсць абмежаванні

Пры некаторых захворваннях кантактныя лінзы нельга насіць. Гэтыя абмежаванні тычацца хворых:

— запаленнем (руск. воспалением) пярэдняга адрэзка вока;
— хранічным кан’юктывітам;
— хранічнай алергіяй вачэй;
— хранічным бранхітам і іншымі захворваннямі органаў дыхання;
— сухотай (руск. туберкулёзом);
— СНІДам.

Таксама існуюць абмежаванні ў карыстанні кантактнымі лінзамі, калі прамаюцца некаторыя лекі, гэта, у першую чаргу:

— анцігістамінныя сродкі;
— сродкі ад насмарку;
— мачагонныя;
— сродкі ад ўкалыхвання.

З якога ўзросту можна насіць лінзы

Як адзначаюць спецыялісты, строгіх супрацьпаказанняў па ўзросту не маецца. У практыцы Вячаслава Бурака быў выпадак, калі лінзы ставілі дзевяці-дзесяцімесячнаму дзіцёнку.

Сярэдні ўзрост, з якога пачынаюць насіць лінзы – гэта 14 — 16 год. Носяць лінзы прыкладна да 50 гадоў.

Якія лінзы самыя лепшыя

Чым больш у лінзе вады, чым большы адсотак (руск. процент) кіслароднай пранікальнасці — тым лінзы лепш.

Ці можна наведваць лазню, басейн, салярый у лінзах

Што датычыцца плавання ў басейнах, на моры, супрацьпаказанняў ніякіх няма. Аднак, калі хваля б’е ў твар, здольнасць лінзы прысмоктваць страчваецца — і лінзы ўплываюць. Таму трэба браць з сабой запасныя.

Саўну, салярый наведваць у лінзах нельга, бо там высокая тэмпература. Лінза складаецца напалову з вады, і ў такіх ўмовах прысыхае да рагавіцы вока і выклікае дыскамфорт.

Каляровыя лінзы

Каляровыя лінзы - даніна модзе без наступстваў для зрока

Каляровыя лінзы — даніна модзе без наступстваў для зрока

Ёсць адценкавыя лінзы, якія маюць слабую афарбоўку і надаюць больш насычанае адценне натуральнаму колеру радужнай абалонкі светлых вачэй.

Ёсць непразрыстыя лінзы. Яны яркія, шчыльныя і інтэнсіўныя па колеры — мяняюць любы колер вачэй.

Ёсць дэкаратыўныя лінзы. З іх дапамогай атрымліваюцца «каціныя» вочы, вочы «вампіра», «іншапланецяніна» і інш.

З-за наяўнасці фарбавальніка (руск. красителя) пранікальнасць кіслароду ў такіх лінзаў вельмі малая. Таму бесперапынна насіць іх можна не больш за 4-5 гадзін.

Наогул, пры нашэнні афарбаваных кантактных лінзаў неабходна выконваць тыя ж правілы, што і пры нашэнні любых іншых мяккіх кантактных лінзаў:

— перад тым, як надзець лінзы варта мыць рукі, самі лінзы павінны быць абсалютна чыстымі

— зняўшы кантактныя лінзы, абавязкова іх ачышчайце: прадэзінфікуйце і прамыйце іх у растворах, рэкамендаваных фірмай-вытворцам.

— захоўваць дэкаратыўныя кантактныя лінзы варта ў дэзінфікуючым растворы.

Лінзы і макіяж

Кантактныя лінзы рэкамендуецца ўсталёўваць да нанясення макіяжу.

Туш павінна быць толькі на воднай аснове, прызначанай для выкарыстання з кантактнымі лінзамі або распрацаванай для адчувальных вачэй з паметкай hypo-allergenic». Нанясіце адзін тонкі слой тушы, пачакайце пакуль ён высахне і нанясіце іншы. Два тонкіх слоя лепш аднаго тоўстага, бо так вы пазбавіцеся ад камячкоў і раздражнення. Замяняйце туш на новую кожныя тры месяцы;

Аловак для вачэй выбірайце мяккі, воданепранікальны. Ён не павінен расцякацца. Аловак можна ўжываць толькі па вонкавым боку павек. Замена алоўка — праз тры месяцы;

Не варта выкарыстоўваць цені, якія змяшчаюць бліскаўкі (руск. блёстки), ці цені схільныя да абсыпання. Яны могуць афарбаваць лінзы і нанесці шкоду вачам. Наносьце цені старанна, каб размеркаваць іх раўнамерна.

Заўвагі

Калі пасля ўсталёўкі лінзы з’явілася адчуванне дыскамфорту, іншароднага цела, слёзацёк -неабходна зняць лінзу, прамыць яе універсальным растворам і надзець зноў. Калі названыя сімптомы ўзнікаюць зноў, кантактныя лінзы варта зняць і абавязкова звярнуцца да афтальмолага;

Каб пазбегнуць пашкоджання лінзы або вока, здымаць і ўсталёўваць лінзы пажадана перад люстэркам і пры адсутнасці доўгіх пазногцяў (руск. ногтей);

Тытунёвы (руск. табачный) дым і лак для валасоў істотна зніжаюць тэрмін нашэння мяккіх кантактных лінзаў.