Нігерыец вывучыўся на настаўніка беларускай мовы

Цяпер студэнт з Нігерыі Ігвэбіке Тэйлар Айке можа выкладаць беларускую мову і літаратуру.

Днямі ён пасьпяхова здаў іспыты па беларускай мове і літаратуры ў Віленскім пэдагагічным унівэрсітэце, – паведамляе generation.by.

У цэнтры беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры Віленскага пэдагагічнага унівэрсітэта 5-6 чэрвеня прайшлі іспыты па беларускай літаратуры і мэтодыцы выкладаньня, а тыднем раней праходзіў аналагічны іспыт па беларускай мове.

Беларускую мову ў Віленскім пэдагагічным унівэрсітэце вывучаюць грамадзяне Літвы, але на платным аддзяленні навучаюцца студэнты з Беларусі, а таксама грамадзяне Іспаніі, Вялікабрытаніі ды Расіі. У гэтым годзе ўпершыню дыплом настаўніка беларускай мовы і літаратуры атрымлівае студэнт з Нігерыі.

Лілія Плыгаўка, дырэктар цэнтру:

— Раптам чалавек будзе займацца перакладам? Чаму і не? Ва ўсякім разе ён робіць нам супастаўленне беларуска-нігерыйскага фальклёру і прыходзіць да высновы, што ёсць пэўныя агульныя рэчы. Чаму мы вывучаем нейкія там экзатычныя мовы, а нашу мову не могуць вывучаць, напрыклад, у Нігерыі?

Цэнтр беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры ў Віленскім пэдагагічным унівэрсітэце узнік пасля аднаўлення незалежнасці Літвы — у ліпені 1991 году. Напачатку ён працаваў як кафедра ўнівэрсітэту, а ў апошнія гады атрымаў статус Цэнтра. Асноўная мэта ўстановы — падрыхтоўка настаўнікаў для беларускіх школ у Літве.