NRM і Акute: музыка розных сусветаў на адной сцэне

У клубе CUBA 14 кастрычніка было сапраўды горача. Дужа нязвыкла выглядала афіша: легендарныя і ідэйныя NRM, побач з маладымі і касмапалітычнымі Акute.

Вельмі розная музыка, мэты ды і кола прыхільнікаў. Але ж, на каго прыйшла большасць таго натоўпу, што апанавала клуб, таксама сказаць цяжка. Праўда, прыхільнікі і тых і другіх, у выніку, не пашкадавалі.

Паглядзець фотарэпартаж і паслухаць аудыё-трэкі з канцэрта – можна тут

Акute, якіх язык не паварочваецца назваць «разагрэвам»…

Хоць фармальна гэтак і было. На афішах арганізатары пазначылі Акute пад № 2, а на сцэну музыкам давялося выйсці першымі. Праўда, малады магілёўскі гурт ўжо паспеў шмат: перамог на «Басовішчы 2010», выпусціў першы плыток «Dzievacki i kosmas», з якім сёлета патрапіў ў тройку лепшых альбомаў паўгоддзя па меркаваню сайта «Experty.by».

Магілёўскае пост-панк-трыа на магілёўскай сцэне адназначна чакалі, а тыя давер цалкам апраўдалі: Акute гучалі выдатна, гралі драйвова, успрымаліся лёгка. Акрамя стаўшых ужо любімымі «Адзіноцтва», «Машына», гурт парадаваў і навінкамі. Па словах вакаліста Стаса Мытніка, новы альбом пішацца актыўна.

NRM: новы склад і старыя ідэалы

Пабачыўшы на афішах горада назву NRM, у дасведчаных меламанаў, напэўна, спрацаваў інстынкт: трэба браць! І сапраўды, легенда айчыннага року ў Магілёве, ды яшчэ ва ўмовах «чорнага спісу»…Без варыянтаў. Праўда, тая ж афіша не ўдакладніла, што NRM едзе да нас без Лявона Вольскага, — аднаго з заснавальнікаў гурта, фронтмэна і аўтара любімых песень, кшталту «Паветраны шар», «Лёгкія-лёгкія», «Маё пакаленне». Пра тое, што NRM пачынае жыць бяз Вольскага, афіцыйна стала вядома яшчэ год таму. Па чутках, Вольскі нібыта замарозіў праэкт, фактычна прыпыніўшы ўсялякую сумесную дзейнасць, заняўшыся сольнай кар’ерай. Музыкі гурта з такой сітуацыяй не згадзіліся, і напярэдадні «Рок-каранацыі 2010» заявілі аб сваім аўтаномным існаванні.

Вось і на магілёўскую сцэну NRM выйшлі на чале з гітарыстам, а цяпер і вакалістам, Пітам Паўлавым. Пра тое, што публіка вішчала ад задавальнення пад культавыя «Тры чарапахі», ці «Партызаны», — нават казаць няма чаго. Здзівіў і парадаваў беларускамоўны кавер на знакаміты хіт Metallica «Nothing Else Matters». Але ж галоўнай і афіцыйнай нагодай для прыезду быў новы альбом «ДПБЧ». З яго Піт Паўлаў і кампанія выканалі некальні трэкаў. Публіка навінкі прыняла неадназначна і насцярожана. Першае, што напружвала: слабаваты вакал Паўлава, асабліва ў параўнанні з Вольскім. Але настрой і стылістыка новых песень, вельмі блізкія да таго, што рабілася старым складам.

Па-шчырасці, трэба прызнацца:старога і любімага NRM больш няма. Есць новы гурт, новы лідар, новы музычны матэрыял. Абавязкова будзе і новы слухач. А можа і стары. Найперш, з-за таго, што сітуацыі ў краіне не мяняецца, а гэта значыць, што NRM, альбо экс- NRM з той жа, смелай грамадзянскай пазіцыяй, застаецца патрэбным і актуальным, як і ў 1994, калі ўсё толькі пачыналася…Прыхільнікам трэба проста прывыкнуць, а музыкам — быць шчырымі перад сабой і публікай, не злоўжываючы старымі заслугамі.