Магіляўчанка перамагла ў рэспубліканскім конкурсе сцэнарыстаў

Як яна перамагла, якім жадае бачыць беларускі кінематограф і чаго жадае маладым аўтарам, даведаўся gorad.by.

Алёна Беланожка: «Творчыя асобы - гэта антэны і транслятары вышэйшых ідэй Сусвету ў свет чалавека»

Алёна Беланожка: «Творчыя асобы — гэта антэны і транслятары вышэйшых ідэй Сусвету ў свет чалавека»

«Вы амбітны, малады, таленавіты і вам не абыякава будучыня беларускай анімацыі? Напішыце сцэнар мутыплікацыйнага фільма, прысвечанага нацыянальнай тэматыцы!» На гэты заклік адгукнулася магіляўчанка Алёна Беланожка і заняла 2-е месца (1-е не прысуджалася) ў рэспубліканскім маладзёжным конкурсе на стварэнне сцэнарыя мультыплікацыйнага фільма.

Пра конкурс

Арганізатары конкурса — Дэпартамент па кінематаграфіі Міністэрства Культуры і Беларускі Рэспубліканскі Саюз Моладзі.  Дарэчы, 17 снежня беларускаму кінематографу споўнілася 87 год. Напярэдадні гэтай даты, 16 снежня, на цырымоніі, прысвечанай Дню беларускага кіно, адбылося ўрачыстае абвяшчэнне вынікаў конкурса і ўзнагароджванне пераможцаў, у лік якіх патрапіла Алёна Беланожка.

Крыху пра пераможцу

За свае 26 год магіляўчанка паспела выдаць зборнік вершаў «В шаге от неба», стала пераможцай шматлікіх конкурсаў літаратурных накірункаў, піша песні для беларускіх выканаўцаў, стварае кінасцэнарыі і п’есы для спектакляў, друкуецца як паэтка і празаік у рэспубліканскай прэсе — і гэта ўсё Алёна сумяшчае з працай у Магілёўскім гарадскім Цэнтры культуры і вольнага часу.

Gorad.by сустрэўся з выбітнай магіляўчанкай:

Алёна, як прыйшла задума напісаць сцэнарый?

— Убачыла ўмовы конкурсу на сайце Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» і вырашыла паспрабаваць. Тым больш, у мяне быў аўтарскі верш, персанажы якога вельмі лёгка маглі «ажыць». Не з кожнага верша можна зрабіць сцэнар, не кожны твор можна візуалізаваць. Проста ніколі раней не стварала сцэнарыі мульцікаў. Аказалася — не балюча, нават прыемна.

 

Колькі доўжылася работа над ім?

— Верш пісала год назад недзе 40 хвілін. Сцэнар напісала па вершы ў жніўні — за 2 гадзіны. Проста села і зрабіла, пад гарбату з шакаладкай.

 

Алёна, што жадаеце данесці да грамадства сваім сцэнаром?

— Хачу, каб дзеці адарваліся ад манітораў і зразумелі, што ў рэальнасці жыццё значна цікавейшае, асабліва калі прыкласці кроплю фантазіі і ўласных высілкаў. Ну і, канешне, трымаю курс на правільную расстаноўку сацыяльных роляў дзяўчынак і хлопчыкаў у грамадстве.

 

Якім бачыце беларускі кінематограф у будучыні?

— Беларускамоўным. Міфалагічным. Тэндэнцыі да глабалізацыі слабеюць, на маю думку. Эратычным, жывым, захапляльным. І галоўнае — не пра вайну. А вось тэхнічна-арганізацыйную частку нават не магу сабе ўявіць. Нават не 3-дэ, а 4-дэ з водарамі, 5-дэ з дотыкамі, 6-дэ з тэлепартацыяй і 7-дэ са скокамі ў часе.

 

Творчыя планы на будучыню? Што пажадаеш малададым сцэнарыстам?

— Пісаць. Пісаць многа, з задавальненнем, запісваць усе ідэі, якія нараджаюцца ў галаве. Творчыя асобы — гэта антэны і транслятары вышэйшых ідэй Сусвету ў свет чалавека. Самыя галоўныя, вызначальныя, канцэптуальныя ідэі абавязкова стануць вядомымі, бо ў іх такое вызначэнне ад Пачатку. Трэба рабіць свет лепшым. Служыць не сваім амбіцыям, а людзям. Гэта і планы, і пажаданні маладым аўтарам.