Магілёўскае Школішча: пра ўнікальную гісторыю і туманную будучыню

Школішча — кавалак Магілёва з найцікавейшай гісторыяй, трагічным лёсам і туманнай будучыняй.

Пра ўсё гэта распавядае новая выстава ў музеі этнаграфіі, адкрыццё якой адбылося 22 снежня ў Магілёве. А яшчэ пра тое, што гэты кавалак зямлі  заўтра рызыкуе ператварыцца ў гарадскую сметніцу.

Праект «Магілёўскае Школішча: учора, сёння, заўтра» —  гэта  унікальныя фотаздымкі, малюнкі, дакументы, сабраныя ў музеях  і архівах Беларусі, Германіі, Расіі. Выстава падрыхтавана пры ўдзеле Магілёўскай габрэйскай абшчыны і суполкі ДЖОЙНТ ў Беларусі.

Як было і як ёсць

Школішча (сучасныя вул. Гогаля, вул. Вялікая і Малая  Грамадзянскія і прылеглыя завулкі) — узнікла як габрэйскае паселішча. Некалі тут знаходзіўся ўнікальны помнік архітэктуры, так званая «Халодная сінагога», пабудаваная ў 1860 і распісаная  Хаімам Сегалам, прапрадзедам Марка Шагала.

Падчас нямецкай акупацыі гэта частка горада была адведзеная нямецкімі ўладамі пад гета. Сёння ў раёне Школішча захавалася ўсяго некалькі будынкаў, у тым ліку і амаль зруйнаваная цагляная сінагога, якая яшчэ нядаўна належала магілёўскаму «Вадаканалу». Нядаўна частка будынкаў была перададзеная габрэйскай суполцы, якая марыць тут зрабіць музей. Праўда, самастойнае  здзяйсненне задумы сёння бачыцца нерэальным.

Выстава

«Наша выстава -гэта зварот да кожнага магілёўца, спроба прымусіць задумацца аб лёсе старажытнага раёна пасярод  сучаснага горада» — кажа Алесь Ліцін, адзін з арганізатараў выставы. —  Мы спадзяемся, што гэта падштурхне ўсіх, і простых гараджан і гарадскія ўлады, каб нарэшце вызначыцца з будучыняй  унікальнага кавалка Магілёва.

Даведка

Пазнаёміцца з выставай можна да 20 студзеня 2012 года ў музеі этнаграфіі: вул. Першамайская 8 , выходныя: серада, чацьвер.