Кветкавы крэатыў: парады разгубленым мужчынам

За дзень да 8-га сакавіка, аб’ём продажу кветак у горадзе ўзлятае ў некалькі дзесяткаў разоў. Ружы, цюльпаны і мімоза набываюцца тонамі.

Пра тое, як вылучыцца з натоўпу мужчын з аднолькавымі букетамі і забяспечыць задаволенасць сваёй жанчыны хаця б на некалькі тыдняў — мы даведаліся ў прафесіянала.

Парады давала дырэктар крамы-салона кветак «Капюшон», майстар-фларыст міжнароднага класа Людміла Маркевіч.

 

Архідэя — пік кветкавай моды

Сёння ў Магілёве можна набыць некалькі дзесяткаў відаў архідэі самых розных памераў і колераў.

Гэтая кветка, што шануецца ў многіх краінах свету, — папулярна як ніколі.

Для любой жанчыны гэта выдатны падарунак яшчэ і таму, што архідэя надзвычай жывучая расліна.

Нават самай непамятлівай даме прыйдзецца пастарацца, каб «загубіць» гэтую прыгажуню. Да таго ж, такі жывы падарунак у збанку будзе радаваць сваю гаспадыню вельмі доўгі час.

 

Форма мае значэнне

Калі дама, якой адрасаваны падарунак,  рамантычная натура, (незалежна ад ўзросту і сацыяльнага становішча), варта дарыць букет з дробных кветак. Ёй дакладна прыйдуцца даспадобы, напрыклад, палявыя кветкі — букет невызначанай формы ў пяшчотных колерах.

Дапамогуць і розныя ўпрыгожванні, кшталту стужак ці пацерак. Гэта яшчэ больш дадасць рамантычнага антуражу. Бяспройгрышны варыянт — ландышы, фіялкі ці рамонкі.

 

Больш стрыманай натуры спадабаецца букет  дакладна азначанай форма, выцягнуты вертыкальна.

Тут абавязкова павінны быць яркія, насычаныя колеры.

Букет з гербераў, вяргіняў ці лілей можна ўпрыгожыць зялёным лісцем, рознымі траўкамі.

 

Ружы — ідэальны падарунак жанчыне-кансерватару. У любых колерах і колькасцях.

Але тут не варта замыкацца выключна на чырвоным колеры. Насамрэч, ён ужо дастаткова прыеўся і надакучыў. Тым больш у свята. Лепш абраць нешта іншае, паспрабаваць здзівіць каханую.

Дарэчы, чырвоныя ружы выдатна камбінуюцца з кветкамі іншых колераў.

 

Жывыя букеты

Стала модным дарыць кветкавыя кампазіцыі на губцы. Стаіць такая прыгажосць прыкладна столькі ж, як і звычайны букет. Галоўнае — не забываць паліваць.

Адметнасць такіх букетаў у тым, што пры дапамозе губкі,у якою ставяцца кветкі, магчыма ствараць самыя незвычайныя кампазіцыі. Практычна любой формы і памера. Глядзіцца такі букет надзвычай прыгожа і ўрачыста. Акрамя ўласна кветак, тут багата дадаюць травы, лісце, біжутэрыю, нават фрукты ці цукеркі.

 

Немагчымае магчыма

Экзатычнасць кветак менш важная за экзатычнасць ідэі. Нават з самага звыклага магчыма стварыць букет, што нагадае кавалак трапічнага раю, альбо акуне ў загадкавасць . Галоўнае — не баяцца фантазіраваць. Для добрага фларыста немагчымага не існуе. Калі ж кліент не ведае чаго хоча яго жанчына — трэба даверыцца майстру, і разам паспрабаваць падабраць той букет, які не толькі спадабаецца, але і запомніцца.

Наогул, засяроджвацца на колерах, памерах альбо значэннях тых ці іншых кветак — не трэба.  Насамрэч, букет — толькі прыгожы дадатак. Галоўнае — тое, што вы скажаце, калі будзеце дарыць кветкі. А пышнасць букета больш гаворыць  пра памер кішэні мужчыны, чым пра яго пачуцці.

Кветкі да 8 сакавіка ў Магілёве

Тым часам, каля 30 тысяч кветак падрыхтавала камунальнае вытворчае унітарнае прадпрыемства «Могилёвзеленстрой» да Дня жанчын, паведамляе сайт магілёўскага аблвыканкама.

По словах кіраўніка камерцыйнага аддзелу прадпрыемства Мікалая Цітарэнка, жанчын парадуе каля 2 000 хрызантэм, 5 000 цюльпанаў і 23 000 ружаў.

Набыць кветкі можна будзе ў гандлёвых кропках прадпрыемства ў Магілёве па коштах – ад 6 000 да 35 000 беларускіх рублёў.