У магілёўскім тэатры лялек стартаваў новы сезон. Пасля перапынку, пачаў працу і праект «Другая сцэна».
Прадстаўленне «Мёртвыя ды жывыя фігуркі» сабрала прыхільнікаў лялечнага тэатра для дарослых, якія не забыліся, што калісьці таксама былі дзецьмі.
Як ў Магілёве ажывалі мёртвыя фігуркі
Напэўна, кожны чалавек у дзяцінстве думаў, што па начах, калі ўсе спяць, усе цацкі ажываюць. Лялькі, машынкі, нават стары медзведзяня, — пачынаюць жыць сваім, нейкім асаблівым жыццём.
Нешта падобнае адбываецца на сцэне падчас прадстаўлення «Мёртвыя ды жывыя фігуркі». Праўда, патаемнае жыццё лялек — гэта ні што іншае, як гульня ўяўленняў чалавека, дакладней, — адбітак яго ўласнага жыцця. Своеасаблівы перакрут.
— Ёсць адна старая думка, якая сведчыць, што калі прадумаць да канца ўсё, што мы ведаем аб чалавечых паводзінах, яны пададуцца нам толькі гульнёю, — кажа адзін з аўтараў прадстаўлення Юры Дзівакоў.
«Мёртвыя ды жывыя фігуркі» — гэта гісторыя без канкрэтнага сюжэту, поўная вобразаў і метафар, праз якія адбываецца зварот да спрадвечных міфаў чалавецтва. У выніку — кожны выходзіць з залі з нечым сваім, разварушаным і ўзнятым з глыбінь падсвядомасці. Альбо, проста зачараваны прыгажосцю гульні свету, колеру і музыкі.
Ідэя і выкананне прадстаўлення належаць Юрыю Дзівакову і Тані Душэўскай. Кампазітар — Аляксандра Даньшова.
«Другая сцэна» — альтэрнатыва, патрэбная і тэатру і гледачу
«Мёртвыя ды жывыя фігуркі» — гэта частка праекту «Другая сцэна» Магілёўскага абласнога тэатра лялек.
Праект быў запушчаны ў мінулым годзе і ўжо паспеў прыцягнуць да сябе ўвагу аматараў, так бы мовіць, нестандартнага мастацтва.
Жывы тэатр сёння — дынамічны працэс, які не заўсёды ўкладваецца ва ўмоўныя рамкі акадэмічных уяўленняў. Гэтаму працэсу характэрна ўзаемнае пранікненне відаў мастацтва, змешванне жанраў. Разумеючы гэта і з’явіўся арт-праект «Другая сцэна».
Ён мусіць стаць полем для эксперыментаў, якое неабходнае любому жывому тэатру. А яшчэ ён паспрабуе стаць пэўнай альтэрнатывай, разлічанай на іншую аўдыторыю.