Лявон Вольскі выступіць ў Магілёве 25 верасня

Усе 100 песень праекту «Саўка ды Грышка», якія можна пачуць ў эфіры «Радыё Свабода», цяпер сабраны на адным дыску.

Знакаміты музыкант прэзентуе магілёўцам праект «Саўка ды Грышка», які ужо два гады існуе ў эфіры «Радыё Свабода». Цяпер жа, ўсе 100 песень праекта выйшлі на асобным дыску.

Паводле праекта, галасамі Лявона Вольскага спявалі Саўка ды Грышка — Савелій Пстрычка, прадстаўнік дробнай наменклатуры, і Рыгор Глык, апазіцыянер са стажам. За два гады музычныя героі паспелі патрапіць у турму і пад цэнзуру, але працягвалі штотыдзень у эфіры «Радыё Свабода» выклікаць смех і слёзы слухачоў.

Усе 100 песень «Саўкі ды Грышкі» цяпер выйшлі на адным дыску ў серыі «Бібліятэка Свабоды», дзе таксама ёсць народнае відэа і інтэрнэт-спасылкі на ўсе кнігі і дыскі з серыі.

Творчая сустрэча з Лявонам Вольскім (заснавальнікам і лідарам гуртоў «NRM» і «Крамбабуля») адбудзецца 25 верасня ў 18:00 ў грамадскім цэнтры «Кола» (завулак Чкалава, 16).

Госці сустрэчы маюць магчымасць атрымаць новы дыск бясплатна. Уваход вольны.