Магілёўскі музей выкупіў «Вялікае мастацтва артылерыі»

Акцыя па збору грошаў і па выкупу рарытэтнай кнігі Казіміра Семяновіча, якая цягнулася некалькі месяцаў, скончылася паспяхова.

Ініцыятарамі выкупу рарытэту сталі дырэктар музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў, навуковец Зміцер Яцкевіч і студэнт Андрэй Радкоў, піша nn.by.

Першапачаткова прыватны калекцыянер прапанаваў прадаць кнігу Семяновіча за 15 тысяч еўра.

На «Вялікае мастацтва артылерыі» грошы збіраліса больш марудна, чым на Статут

— Падчас акцыі па выкупу Статута мы атрымалі ад шэрагу прыватных асоб і прадпрыемстваў абяцанне фінансавай падтрымкі, калі будзем працягваць такую дзейнасць. Але, калі справа дайшла да набыцця, то жадання ў гэтых людзей было небагата. Сумы ахвяраванняў у параўнанні са Статутам скараціліся ў сотні разоў, — расказвае Аляксей Бацюкоў.

Калі ў выпадку са Статутам самі мецэнаты тэлефанавалі ініцыятарам акцыі, то цяпер даводзілася самім абзвоньваць людзей.

Музейшчыкі правялі некалькі акцый па збору грошаў

Праводзіліся дабрачынныя суботнік і канцэрт у падтрымку акцыі.

— 35-градусная спёка, праполка елачак, цеплавы ўдар у чатырох чалавек. Гэта быў такі жэст адчаю. Потым зрабілі дабрачынны канцэрт. Да нас цудоўна паставілася дырэкцыя клуба «Cuba» ў Магілёве, яны бясплатна далі нам памяшканне. Вялікая колькасць гуртоў пагадзілася, хочацца яшчэ раз ім падзячыць, — гаворыць дырэктар музея.

Хто найбольш дапамог

— Хочацца сказаць вялікі дзякуй арганізацыі, якая стварае гульню World of Tanks. Яны ахвяравалі 20 мільёнаў на выкуп. Я патэлефанаваў іх дырэктару, прапанаваў сумесную акцыю. Яны сказалі, што маюць так мала часу і не хочуць адрываць супрацоўнікаў, што лепш проста ахвяруюць грошы. Ёсць яшчэ буйныя ахвярадаўцы: адзін магілёвец, які папрасіў сябе не называць, «Трайпл», Павел Бераговіч.

Якое са шматлікіх выданняў працы Семяновіча набыў музей?

Існуе шэсць ранніх выданняў працы Казіміра Семяновіча. Першая частка «Вялікага мастацтва артылерыі» выйшла на лацінскай мове ў 1650 годзе. Частку другую ён не падрыхтаваў, але магчыма ў яго былі рукапісы. Праз год выйшла выданне на французскай мове. У 1676 годзе — на нямецкай, у якім была частка другая, напісаная не самім Семяновічам, але, магчыма, з выкарыстаннем яго рукапісаў. У 1725 выйшлі адразу два выданні — па-англійску і дацку. І, нарэшце, у 1729 — яшчэ раз па-нямецку.

Першапачткова грошы збіраліся на французскае выданне. Але агульная сума ахвяраванняў была ў тры разы меньшай за азначаныя 15 тысяч.

— Працягваць далей вялікага сэнсу не было, бо не расла сума. Разам з тым, мы атрымалі альтэрнатыўныя прапановы на кнігі Семяновіча, сумы на якія не перавышалі 8 тысяч даляраў.

Восенню стала вядома, што Нацыянальная бібліятэка купіла для сваіх фондаў два выданні Семяновіча — лацінскае і французскае. Яшчэ ў Беларусі ёсць шостае выданне. Таму закупнай камісіяй музея было прынятае рашэнне набыць трэцяе, нямецкае выданне, якое ў хуткім часе і трапіць у музей.