Пад гукі беларускай дуды калядоўшчыкі вадзілі казу і зычылі шчасця ды дабрабыту ўсім, хто быў рады бачыць на сваім парозе незвычайных гасцей.
Увечары 8 студзеня па Магілёве хадзілі калядоўшчыкі.
У рэальным жыцці гэта звычайныя гарадскія хлопцы і дзяўчаты, з рознымі прафесіямі і ладам жыцця. Але ўвечары 8 студзеня яны — каза, мядзведзь, дзед, цыганка, механоша і вядзьмарка.
У іх маршруце было больш дзесятка адрасоў. Збольшага, гэта кватэры і нават офісы сяброў і знаёмых, дзе іх чакалі. А па дарозе — калядная імправізацыя ў крамах, спевы на вуліцах і танцы на пляцоўках пад’ездаў.
Як гэта было
Як толькі незвычайныя госці з’яўляюцца на парозе, ў хаце гаспадара пачынаюць адбывацца цуды: мядзведзь танчыць польку, а цыганка варожыць чыстую праўду. Але тут раптоўна «памірае» каза.
Поўны фотарэпартаж
Спачатку пад спевы яна шалёна скача, а пасля раптоўна падае долу. Яе смерць — сімвал смерці Старога году. Менавiта ў гэты момант гаспадары шчодра дораць калядоўшчыкаў, каб «ажывiць казу», а сабе забяспечыць долю і дабрабыт у наступным годзе.
Даведка
Каляды – свята, прымеркаванае да зiмовага Сонцавароту, калi Сонца нараджалася наноў. У гадавым коле народных земляробчых абрадаў і святкаванняў яно займала галоўнае месца. З усталяваннем хрысціянства Каляды былі прымеркаваныя да рэлігійных свят Нараджэння Хрыстова і Вадохрышча. На Беларусі хрысціянская абраднасць святкавання Калядаў шчыльна пераплецена з народнымі святочнымі звычаямі. Каляды працягваюцца з 24 снежня па 6 .студзеня. Для Калядаў характэрныя тры абрадавыя вячэры (куцці): посная спраўляецца перад першым святочным днём, багатая (тоўстая, шчодрая) з мяснымі стравамі — у Шчодры вечар (вечар перад Новым годам), посная (галодная, вадзяная) — перад Вадохрышчам. Наладжваліся калядаванне, варажба, шматлікія забавы, гульні; спявалі калядныя песні.