Два аб’екты Магілёўшчыны прызнаныя нацыянальнай культурнай каштоўнасцю

Статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі атрымаў дзіцячы калядны абрад «Куры» ў Клічаўскім раёне, а таксама традыцыя паломніцтва і пакланення Блакітнай крыніцы Слаўгарадскага раёна.

Адпаведнае паседжанне рэспубліканскай навукова-метадычнай Рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны прайшло у Міністэрстве культуры Беларусі, піша сайт Магілёўскага аблвыканкама.

Магілёўская вобласць – лідар па колькасці аб’ектаў, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Цяпер іх налічваецца 11. Гэта традыцыйныя рамёствы, абрады, фальклорная спадчына рэгіёна.

 

Людзі пакланяюцца Блакітнай крыніцы больш за тысячу гадоў

Паломніцтва і пакланенне Блакітнай крыніцы ў Слаўгарадскім раёне традыцыйна адбываецца на свята Мядовы Спас, у народзе — Макавей. Сама крыніца – гэта цікавы і незвычайны прыродны аб’ект. Вада ў ёй мае сталую тэмпературу: + 8 градусаў, яна не замярзае зімой і не награваецца ўлетку.

Абрад ушанавання крыніцы практычна не змяніўся і бытуе ў актыўнай форме ў нашы дні. Штогод сюды з’язджаюцца тысячы людзей, адбываецца Хросны ход, малебен і абрад хрышчэння дзяцей. Паломнікі вераць у гаючыя ўласцівасці крынічнай вады. Яшчэ адной традыцыяй з’яўляецца дакрананне да валуноў, што месцяцца паблізу. У гэты момант людзі просяць здароўя і дабрабыту.

 

«Куры» — адзіны дзіцячы калядны абрад на Беларусі

У абрадзе «Куры» ўдзельнічаюць выключна дзеці ад 6 да 14 гадоў, і гэта адзіны дзіцячы калядны абрад, што захаваўся на Беларусі. Падчас абраду 13 студзеня , дзеці не водзяць ні казы, ні мядзведзя, ні якіх іншых калядных персанажаў, але абыходзяць двары з каляднай зоркай, свечкай і абразом Божай Маці, спяваючы адмысловыя песні.

 

Чым карысна атрымаць статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці

Статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці надаецца толькі аб’ектам, што існуюць у жывым выглядзе. Паводле адмысловай Канвенцыі, наданне аб’екту статуса каштоўнасці павінна дапамагчы захаванню і падтрымцы жыццяздольнасці аб’екта, а таксама, як тэхнічнаму, так і практычнаму яго даследаванню і вывучэнню. Яшчэ адна з функцый — падвышэнне дасведчанасці грамадства з мэтай адэкватнага стаўлення да традыцыі і не дапушчэння адрыву пэўных форм нематэрыяльнай спадчыны ад адпаведнага кантэксту і натуральнага асяроддзя.