Магілёўцаў запрашаюць на творчую вечарыну ў стыле «этна»

Фотастудыя «5 паверх» ладзіць «Беларускія вячоркі» з удзелам вядомых магілёўскіх дзеячоў культуры, а таксама маладых паэтаў і музыкантаў. Наведаць вечарыну можа кожны зацікаўлены магілёвец.

Вечарына адбудзецца 26 студзеня ў 14:00. Фотастудыя «5 паверх» знаходзіцца па адрасе: вуліца Б. Бірулі, 11. Уваход вольны.

 

Наведаць вечарыну можа кожны, хто цікавіцца народнай культурай

Арганізатары абяцаюць удзельнікам вечарыны добраю кампанію, цікавую размову ва ўтульным атачэнні з кубачкам гарбаты ды прысмакамі. Усё гэта мусіць адбыцца пад акампанемент беларускіх спеваў і вершаў. На вечарыну запрошаныя спецыяльныя госці, самыя розныя людзі, размова з якімі павінна стаць карысным дадаткам да прыемнага вечара.

 

На вечарыну запрошаныя адмысловыя госці

Аляксей Бацюкоў — гісторык, дырэктар музея гісторыі Магілёва. Дзякуючы яго намаганням у Магілёўскія архівы трапілі Статут ВКЛ, «Вялікае мастацтва артылерыі» Казіміра Семяновіча і іншыя выданні, грошы на якія збіралі не толькі мецэнаты, але і простыя магілёўцы.

Святлана Лункевіч-Адамовіч — майстар, мастак, выкладчыца ў Магілёўскім вучылішчы культуры, яна займаецца адраджэннем мастацтва выцінанкі. Пра сімвалы і тэхналогію стварэння папяровай прыгажосці яна і раскажа на «Вячорках».

Таксама завітае на імпрэзу «Кароль Стах» — малады беларускамоўны калектыў, які ўзнік ў 2009 годзе. Музыкі граюць сапраўдны хэві метал, зусім нястрашны, трошкі гатычны, рамантычны і прыгожы.

Яшчэ аднымі гасцямі сустрэчы стануць Аляксандр Крыжэвіч і Арцём Булатоўскі – сябры студэнцкага этнаграфічнага таварыства Магілёва. Суполка займаецца захоўваннем, развіццём і забеспячэннем пераемнасці беларускай традыцыйнай культуры, а таксама папулярызуе каштоўнасці традыцыйнай культуры ў маладзёжным асяроддзі.

Аляксей Карпенка — малады магілёўскі паэт, студэнт гістарычнага факультэта МДУ імя Куляшова. Яго вершы могуць не крануць, ці, наадварот, прымусяць думаць. Аднак абыякавымі не пакінуць, і пасля «Вячорак» будзе пра што ўзгадаць.

На «Вячоркі» таксама абяцалі завітаць акцёры Магілёўскага тэатра лялек Юрка Дзівакоў і Таццяна Дзівакова-Душэўская — аўтары шэрагу эксперыментальных спектакляў праекта «Другая сцэна», майстры дызайнерскіх драўляных цацак.