У Магілёве адбудзецца публічная дыскусія на тэму нацыяналізму ў гісторыі

Публічную лекцыю на тэму «Вялікае Княства Літоўскае: Гісторыя і нацыяналізм» магілёўцам прачытае доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч.

Чарговая лекцыя праекту «URBI ET ORBI» адбудзецца 2 сакавіка ў будынку «Тэхнапарк» (вуліца Ленінская, 63), зала 807. Пачатак ў 16:00. Уваход вольны.

Магілёўцы змогуць даведацца пра гісторыю змагання за спадчыну ВКЛ — буйнейшай дзяржавы еўрапейскага сярэднявечча з вуснаў вядомага беларускага гісторыка, доктара гістарычных навук Алеся Краўцэвіча.

 

Публічная лекцыя — пляцоўка для публічнага дыялогу

Гараджане змогуць не толькі атрымаць новыя веды, але і падыскутаваць па спрэчных пытаннях. Серыя публічных лекцый, арганізаваных у Магілёве «Лятучым універсітэтам», прэтэндуе на тое, каб стаць арыенцірам і ў грамадскім, і ў індывідуальным жыцці грамадзян. Стваральнікі курса разлічвалі на тое, што лекцыі стануць месцам інтэлектуальнага пошуку, дыялогу і развіцця.

 

Пасля лекцыі — прэзентацыя біяграфіі Гедыміна

Пасля лекцыі адбудзецца прэзентацыя новай кнігі Алеся Краўцевіча «Гедымін. Каралеўства Літвы і Русі (1316-1341)», у якой возьме ўдзел ілюстратар выдання — мастак Ігар Гардзіёнак. Кніга выйшла на дзвюх мовах — беларускай і англійскай. Усе яе ілюстрацыі паказваюць аўтэнтычныя рэчы і тагачасную матэрыяльную атрыбутыку. Кніга распавядае пра біяграфію манарха, які ўпершыню аб’яднаў у адной дзяржаве ўсе гістарычныя землі, і менавіта гэтае аб’яднанне гарантавала паспяховы этнагенэз беларусаў.

 


Даведка:

Алесь Краўцевіч — знакаміты гісторык і археолаг. Ён даследуе сярэднявечную і новачасную гісторыю Беларусі. Закончыў гістфак БДУ і аспірантуру Інстытута археалогіі АН СССР у Маскве, дактарантуру БДУ. У 1996 — 1997 гадах праходзіў навуковую стажыроўку ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве. Ад 1999 года выкладае ў беларускіх і польскіх ВНУ. Аўтар шэрагу навуковых і навукова-папулярных кніг.