У Магілёве прэзентавалі кнігу пра «Майстроўню» — зкакамітае нефармальнае аб’яднанне моладзі 80-х

Выданне прадставілі былыя удзельнікі «Майстроўні», аўтар кнігі журналіст Сяргей Дубавец, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, бард і пісьменнік Зміцер Бартосік.

Прэзентацыя кнігі «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду» прайшла ў грамадскім цэнтры «Кола» 26 лютага і сабрала некалькі дзесяткаў магілёўцаў.

 

Па словах аўтара кнігі, «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду» - спроба запоўніць пустэчы ў асвятленні падзеяў 30-гадовай даўніны

Па словах аўтара кнігі, «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду» — спроба запоўніць пустэчы ў асвятленні падзеяў 30-гадовай даўніны

Гісторыя «Майстроўні» — падручнік гісторыі 80-х

На думку Сяргея Дубаўца, «сёння ніхто не даследуе і не фармулюе зусім нядаўнюю гісторыю. Прычына гэтага ў тым, што людзі жывуць сённяшнім днём, і не думаюць, што было з імі 20-30 гадоў таму. «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду» — спроба запоўніць пустэчы ў асвятленні падзеяў 30-гадовай даўніны».

У кнізе сабраны ўспаміны 50 чалавек, якія былі ўдзельнікамі «Беларускай майстроўні» — першага маштабнага нефармальнага аб’яднання моладзі ў Мінску. Суполка займалася папулярызацыяй беларускай мовы і культуры ў гарадскім асяроддзі, ўдзельнічала ў рэстаўрацыі помнікаў культуры, ладзіла масавыя народныя святы, чытала лекцыі.

— Мы шукалі сябе, шукалі адказы на складаныя пытанні самаідэнтыфікацыі. Я, напрыклад, памятаю, як не мог зразумець, чаму дома бацькі размаўляюць па-руску, а прыязджаючы ў вёску, пачынаюць размаўляць па-беларуску, — распавёў Сяргей Харэўскі.

 

Змены да лепшага магчымыя, калі людзьмі рухае пазітыў

— Намі рухалі пазітыўныя мэты. Нават у сваіх самых таемных шчыраваннях не было думкі пра звяржэнне ўлады. Мы імкнуліся ствараць, а не руйнаваць, імкнуліся адкрыць для сябе і паказаць іншым хараство сваёй мовы, культуры, — адзначыў Сяргей Харэўскі.

Сяргей Дубавец дадаў, што імкнучыся ўдасканаліць свет, стваральнікі «Майстроўні» удасканальвалі сябе, найперш праз самаадукацыю. І калі сёння прасачыць лёсы былых сяброў суполкі — амаль кожны дасягнуў пэўных вышынь у сваёй галіне. Як прыклад, у розныя часы сябрамі «Майстроўні» балі палітык Вінцук і Вячорка, кампазітар Ларыса Сімаковіч, музыкант Лявон Вольскі, мастак Ігар Марачкін, рэжысёр Віктар Аслюк, філосаф Сяргей Санько, перакладчык Сяргей Шупа.

 

Феномен «Майстроўні» непаўторны

— Мы былі з першага непалоханага пакалення савецкай моладзі. Улада ня ведала, як на нашу дзейнасць рэагаваць. Яна не была гатовая да яе, не мела адпаведнага досведу. Інакш як яшчэ патлумачыць, тое, што «Майстроўня» збірала тысячы маладых людзей на беларускія народныя святы ў часы, калі за беларускаю мову маглі выключыць з інстытута? — кажа аўтар кнігі. — Майстроўня праіснавала з 1979 па 1984 год, распаўшыся пасля на дзесяткі іншых утварэнняў. Цяпер паўтарыць яе феномен немагчыма. У рэаліях цяперашняй Беларусі ўзнікненне маштабных грамадскіх рухаў наогул немагчымае. Трэба шукаць іншыя магчымасці і шляхі дзейнасці. А самыя вялікія сілы накіраваць на асвету і адукацыю.

На фота:  бард і пісьменнік Зміцер Бартосік, журналіст Сяргей Дубавец, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі

На фота: бард і пісьменнік Зміцер Бартосік, журналіст Сяргей Дубавец, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі