Унікальную выставу прадметаў дэкору прывезлі ў Магілёў Дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту і Вілейскі краязнаўчы музей.
На новай магілёўскай выставе можна убачыць малюнкі на шкле і маляваныя дываны, створаныя ў канцы ХІХ – сярэдзіне ХХ ст. невядомымі беларускімі мастакамі.
Выстава «Маляваны рай» утрымлівае некалькі дзесяткаў прадметаў дэкору народнага традыцыйнага жылля. Большасць з іх былі сабраны ў этнаграфічных экспедыцыях па краіне. Экспазіцыя складаецца з фондавых калекцый Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту і Вілейскага раённага краязнаўчага музея.
Рай, які можна проста намаляваць
Усе прадстаўленыя на выставе творы ў традыцыйным побыце выконвалі розныя функцыі: сакральную (абразы), утылітарна-дэкаратыўную (рамкі для фота) і дэкаратыўную.
— Прадстаўленую калекцыю роспісаў па шкле можна лічыць унікальнай, — кажа дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту Святлана Лакотка. — Мода на гэты жанр існавала не доўга, галоўным чынам у 1950-х. Падчас экспедыцый атрымалася сабраць узоры, якія сёння ўжо амаль нідзе не захаваліся.
Па словах навуковага супрацоўніка Вілейскага музея Надзеі Аўдзей, дываны звычайна малявалі на саматканым ільняным палатне, пафарбаваным найчасцей у чорны колер:
— Звычайна маляваныя дываны дарылі маладым на вяселле. Наогул, усе гэтыя рэчы сведчаць аб імкненні нашых продкаў да прыгажосці, у прыватнасці, праз аздабленне жытла хацелася зрабіць жыццё больш радасным і яскравым. Невыпадкова, менавіта кветкамі найчасцей распісвалі прадметы побыту, дываны ці куфры. Менавіта кветкі заўсёды атаясамліваюцца з цеплынёй і солнцам, вясной, радасцю і раем.
Дзе можна паглядзець на выставу
Музей этнаграфіі знаходзіцца па адрасе: вуліца Першамайская, 8.
Тэлефон для даведак: (0222) 22-01-92.
Серада, чацвер — выходныя дні.