Магілёву падаравалі Статут ВКЛ, які належыў мясцоваму шляхцічу (фота)

Апошні ўладальнік статута з Расіі нават не ведаў пра яго каштоўнасць. Ён думаў, што гэта падручнік па польскай гісторыі.

Пошукамі рарытэта займаўся калекцыянер Аляксандр Коган, грошы ахвяраваў пісьменнік, расійскі чыноўнік з беларускім каранямі Валерый Казакоў. Па словах апошняга, за кнігу прыватная асоба з Кастрамы запрасіла менш за тысячу долараў.

Часам не зразумела за што некаторыя чыноўнікі Мінкультуры атрымоўваюць заробкі?

— Уладальнік Статута нават не разумеў яго каштоўнасці. Ён быў упэўнены, што мае падручнік па польскай гісторыі, — кажа Валерый Казакоў. — Гэта сведчыць пра тое, што многія нашыя каштоўнасці, якія захоўваюцца ў прыватных калекцыях і музеях замежжа, там не патрэбныя. Іх магчыма выкупіць за невялікія грошы. Толькі гэтым трэба займацца: шукаць, дамаўляцца, вывучаць. А сёння вяртаннем культурнай спадчыны займаюцца асобныя апантаныя людзі. І часам сорамна і не зразумела за што некаторыя чыноўнікі Міністэрства культуры атрымоўваюць заробкі?
Новы статут застанецца ў Магілёве ў Ратушы

Падараваны асобнік Статута ВКЛ 1588 года быў выдадзены ў Вільні ў 1744 годзе на польскай мове.

— У адрозненні ад выкупленага намі раней асобніка Статута ВКЛ, гэтая кніга не з’яўляецца унікальнай, — распавядае дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў. — Падобны асобнік захоўваецца, напрыклад, у Мінску. Ён ўяўляе сабой канвалют з трох асобных выданняў. Гэта значыць, што акрамя Статута ВКЛ у кнізе пад адной вокладкай змешчаны «Трыбунал ВКЛ» і «Інструктаж». Але асаблівую каштоўнасць тут маюць так званыя маргіналіі, пазнакі на старонках выдання. Эксперты высветлілі, што ўладальнікам кнігі быў шляхціч з Магілёўшчыны Антоній Сабанскі.

Гісторыкі заклікаюць магілёўцаў не быць абыякавымі да спраў культуры

— Для мяне сёння надзвычай хвалюючы дзень, — кажа гісторык і член Савета Рэспублікі Ігар Марзалюк. — Толькі што я даведаўся, што гэты экзэмпляр Статута ВКЛ мае непасрэднае дачыненне да майго роду з Мсціслаўшчыны. Гэта цуд нейкі.

— Гісторыя вяртання Статута, дзейнасць Валерыя Казакова — гэта ўзор таго, як важна любіць сваю краіну не словам, а справай, — лічыць Ігар Марзалюк. — Напрыклад, цяпер вядуцца работы па аднаўленню замка і сінагогі ў Быхаве. Дзяржавай прынята рашэнне акамуляваць усе сродкі на гэтыя аб’екты. А тым часам, на дабрачынны рахунак Сінагогі паступіла ўсяго паўтара мільёна рублёў. А толькі на рамонт даху патрэбна паўтара мільярда. Гэта да таго, што ўсім неабыякавым людзям варта забыцца на ўсе палітычныя і канфесійныя непаразуменні, перастаць абмяркоўваць і пачаць дзейнічаць на карысць краіны.