У Магілёве пакажуць знакаміты лялечны спектакль для дарослых

Пастаноўка адбудзецца ў межах Міжнароднага фестывалю тэатраў лялек і анімацыйных фільмаў «Лялька таксама чалавек».

Паглядзець спектакль «Другі пакой» можна будзе толькі два дні: 29 мая і 7 чэрвеня ў Магілёўскім абласным тэатры лялек.

Сёлета міжнародны фестываль прыехаў у Магілёў у трэці раз і толькі з адной пастаноўкай. Але арганізатары фэсту не губляюць надзеі зладзіць у Магілёве паўнавартасны фэст тэатраў лялек і анімацыйных фільмаў для дарослых.

 

Тэатр лялек пра праблемы дарослых

Анімацыйную імпрэсію паводле Збігнева Герберта «Другі пакой» магілёўцы ўжо маглі бачыць пад-час фэсту 2011 года. Пастаноўка зусім не падобная да звычайнага спектакля ва ўяўленні большасці. Драматургію прадстаўляюць не акторы, а карціны двух пакояў. На першы план выходзіць эстэтыка, а дыялогі скарочаныя да мінімуму. Гэткімі незвычайнымі для беларускага гледача сродкамі Дарота Донбэк спрабуе разважаць пра самыя сур’ёзныя рэчы. Спектакль атрымаў прэмію на Міжнародным фестывалі мастацтва для дзяцей і моладзі ў Познані.

— Думаю, для Беларусі таксама характэрна, калі маладыя людзі з нецярплівасцю чакаюць смерці сваіх сталых сваякоў, — распавядае два гады таму Дарота Донбэк. — І ў нас, і ў вас падобныя праблемы. І ў гэтым спектаклі мы не кажам, што гэта дрэнна. Мы не жадаем нікога вучыць. Проста даем нагоду падумаць.

 

Арганізатары мараць пра паўнавартасны фестываль у Магілёве

Міжнародны фестываль «Лялька таксама чалавек» прыязджае ў Магілёў з 2011 года, але пакуль толькі з адной пастаноўкай.

— Грошай на паўнавартасны фэст пакуль няма, — прызнаецца летась адзін з арганізатараў пан Марэк Хадачыньскі. — Ёсць ідэя зрабіць фестываль 4 гарадоў: Магілёў, Бабруйск, Люблін і Варшава, галоўнай мэтай каторага стане папулярызацыя мастацтва тэатраў лялек сярод дарослай публікі. Спадзяемся нашы планы спраўдзяцца.