У Магілёве пакажуць першы беларускі паўнаметражны мультфільм (відэа)

Беларусьфільм працаваў над «Прыгодамі Несцеркі» 10 гадоў.

 

Паглядзець новую стужку можна амаль ва ўсіх кінатэатрах Магілёва, а 1 чэрвеня а 13:00 у кінатэатры «Радзіма» адбудзецца  творчая сустрэча з рэжысёрам фільма Ігарам Волчакам.

 

«Прыгоды Несцеркі» здымаліся 10 гадоў

Новая стужка доўжыцца амаль гадзіну і складаецца з васьмі смешных і павучальных гісторый з жыцця папулярнага героя беларускіх народных казак. Экраннае жыццё Несцеркі пачалося 10 год таму, калі выйшла першая частка 8 серыйнага мультфільма. У 2013 годзе рэжысёр Ігар Волчак скончыў працу над апошняй серыяй.

— Стужка будзе цікавая і дарослым і маленькім гледачам, — лічыць рэжысёр Ігар Волчак. — Яна не толькі забаўляе, але і вучыць. «Прыгоды Несцеркі» ў лёгкай форме распавядаюць, пра тое, «што такое добра, што такое дрэнна».

 

Адкуль узяўся Несцерка

П’еса Віталя Вольскага «Несцерка» была напісаная ў 1940 годзе, і праз год пастаўленая на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Сюжэт камедыі пабудаваны паводле матываў беларускіх народных казак. Ён уяўляе сабой шэраг займальных прыгодаў галоўнага героя, сялянскага хлопца Несцяркі, які ўвасабляе лепшыя якасці беларуса: дабрыню, весялосць, кемлівасць. На працягу фільма Несцерка ператварае гліняныя збанкі ў цымбалы, хітрыкамі перамагае Змея-Гарыныча і ўратоўвае сваю каханую.

 

Дзе і калі можна паглядзець стужку

З 1 чэрвеня фільм «Прыгоды Несцяркі» пакажуць у кінатэатрах «Чырвоная зорка», «Ветразь», «Радзіма» і «Космас».

Кошт уваходнага квітка 8000.