Вядомы польскі фестываль лялечных тэатраў для дарослых прывёз у Магілёў свае лепшыя працы.
Міжнародны фестываль «Лялька таксама чалавек» ладзіць «Унія Тэатр Немагчымы» з Варшавы. Фэст яднае тэатры лялек і анімацыйныя студыі з многіх краін свету.
— Нам падаецца, што тэатр лялек і анімацыя вельмі падобныя па сваёй прыродзе, — распавядае рэжысёр Марэк Хадачыньскі. — Але і ў Польшчы і ў Беларусі, яны атаясамляюцца найперш з дзецьмі. У сваіх пастаноўках мы гаворым пра дарослыя праблемы. Вельмі хочацца, каб магілёўцы ўбачылі нешта новае. Нам цікавая ваша рэакцыя.
Тэатр лялек пра дарослыя праблемы
Пастаноўка «Другі пакой» зроблена паводле твора Збігнева Герберта і зусім не падобная да звычайнага спектакля. Гэта сінтэз анімацыі і тэатра. На фоне выяваў двух пакояў, праз цені, галасы актораў і музыку, рэжысёрка Дарота Донбэк распавядае гісторыю сталай жанчыны, што ператварылася ў абузу для маладых суседзяў.
— Сітуацыя, калі маладыя чакаюць смерці сталых сваякоў — тыповая, — распавядае Дарота Донбэк. — Шмат хто з гэтым сутыкаўся, іншыя баяцца, што гэта можа здарыцца з імі. У спектаклі мы не даем адзнак. Мэта не вучыць, а справакаваць чалавека на роздум. Мы не разлічваем, што такое мастацтва прыходзіцца даспадобы ўсім. Але для нас важны кожны глядач.
Фестываль аднаго дня
Фестываль «Лялька таксама чалавек» ў Магілёве трэці год запар. Сёлета палякі прывезлі адзін спектакль і некалькі анімацыйных фільмаў. Паглядзець іх можна яшчэ і 7 чэрвеня, праўда ўжо па-польску.
— Мы вельмі зацікаўленыя ў супольнай працы, — кажа Марэк Хадачыньскі. — Ёсць задума зрабіць паўнавартасны фестываль тэатраў лялек 4 гарадоў: Магілёў, Бабруйск, Люблін і Варшава. Вось мы і шукаем магчымасці рэалізацыі.