На Магілёўскім фолк-свяце будуць есці верашчаку і танцаваць усю ноч

У праграме выступы вядомых фолк-гуртоў, кірмаш рамёстваў і танцавальныя майстар-класы.

Свята традыцыйнай культуры «Зялёныя святкі» пройдзе ў Магілёве 29 чэрвеня на тэрыторыі этна-комплекса ў Казіміраўцы. Фэст ладзіць гарвыканкам і «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства». Праект летась перамог на кірмашы ідэй у межах праграмы «Магілёў — культурная сталіца Беларусі і СНД».

— Мы маем на мэце зламаць існуючы стэрэатып, што вясковая культура — гэты нешта прымітыўнае і састарэлае, — распавядае адзін з арганізатараў свята Алесь Крыжэвіч. — Мы хочам паказаць магілёўцам, што традыцыя — гэта надзвычай прыгожа і весёла.

 

Фэст у гонар свята Троіцы

Фестываль прымеркаваны да Троіцы. Гурты з розных куткоў Беларусі пакажуць мясцовыя асаблівасці траецкіх святкаванняў.

— «Зялёныя святкі» — характэрная для Магілёўшчыны назва траецкіх святаў, — кажа адна з арганізатараў свята Ганна Сілівончык. — Зялёныя, бо ў гэты перыяд дрэвы і кветкі знаходзяцца ў росквіце.Святкі, бо сюды ўваходзіць цэлы цыкл абрадаў.

 

Традыцыя у сучасных умовах

На фестываль у Магілёў з’едуцца музыкі і рамеснікі з усёй Беларусі. Сярод удзельнікаў вядомыя беларускі фолк-гурты: «Гуда» і «Горынь», «Кудмень», капэла «На Таку», клуб традыцыйнага танцу «СІТА». Аўтэнтычныя траецкія абрады пакажуць бабулі з Бялыніцкага і Чавускага раёнаў.

— На адной пляцоўцы збяруцца як аўтэнтычныя выканаўцы, так і маладыя гурты, якія пераймаюць традыцыю і адаптуюць яе ў сучасным жыцці, — распавядае Алесь Крыжэвіч. — Мы хочам паказаць, што народная культура — гэта актуальна, яна здольная натхняць.

 

Фестываль пройдзе на адкрытым паветры

Свята ў Магілёве з’яўляецца пілотным праектам. У перспектыве арганізатары плануюць зрабіць яго рэгіянальным фэстам традыцыйнай культуры, пляцоўкай, якая аб’яднае усіх зацікаўленых.

— Мы спадзяемся, што да свята далучацца людзі розных ўзростаў і інтарэсаў, бо тут кожны для сябе знойдзе шмат невядомага і цікавага, — дадае Ганна Сілівончык.

Уваход на фэст вольны.

Падрабязную праграму фестывалю gorad.by надрукуе пазней