«Зялёныя святкі» у Магілёве: альтэрнатыва афіцыйнаму святу (відэа)

Калі ў цэнтры Магілёва адбываліся звыклыя гулянні да Дня горада, на ускрайку спявалі старадаўнія песні, елі бліны і вучыліся танцаваць.

У новым этнаграфічным комплексе ў мікрараёне «Спадарожнік» адбылося свята традыцыйнай культуры «Зялёныя святкі». На вольным паветры ў атмасферы вёскі 19 стагоддзя, гучалі народныя песні і жывая музыка, адбываліся майстар-класы па танцах і народнай кухні. Людзі прыходзілі цэлымі сем’ямі. Свята наведалі каля тысячы чалавек.

 

У Магілёў з’ехаліся госці з усёй Беларусі

Удзельнікі і госці свята прыехалі з Мінску, Гомеля, Полацка, Віцебска і Любані.

На галоўную сцэну сцэну выйшлі фолк-гурты: «Гуда» і «Горынь», «Кудмень», клуб традыцыйнага танцу «СІТА». Разынкай свята стаў выступ аўтэнтычнага спеўнага гурта з Бялыніцкага раёна. Бабулі паказалі траецкі абрад завівання бярозак і майстр-клас па танцах.

Мы вельмі рады, што знайшлі тут альтэрнатыву ўжо звыклым гарадскім гулянням, — кажа студэнтка Ганна. — Больш за ўсё парадавала  вольная атмасвера. Я, напрыклад, ўпершыню у жыцці танчыла народныя танцы. Праўда ў мяне не вельмі атрымалася, але гэта было вельмі весела.

Фотарэпартаж з «Зялёных святак» глядзі тут

 

Далей можа атрымацца фестываль

Агранізатары плануюць зрабіць штогадовы фест «Зялёныя святкі». Пакуль жа свята  з’яўляецца пілотным праектам «Студэнцкага этнаграфічнага таварыства». Суарганізатарамі выступілі магілёўскі Гарвыканкам і кампанія «Будзьма беларусамі».

— Нам падаецца, што збольшага усё атрымалася, — кажа сябра агракамітэту Ганна Сілівончык. — З няўдач можна назваць адсутнасць кропак массавага харчавання і недаезд некаторых рамеснікаў ды музыкаў. Але мы прааналізуем усе арганізацыйныя моманты, думаю, наступным разам замінак будзе меней, а праграмма свята будзе шырэйшай.

— Калі ўсё будзе добра, то на наступны год будзем падаваць заяўку на правядзенне, — распавядае сябра «Студэнцкага этнаграфічнага таварыства» Яўген Бойка. — Але, натуральна, толькі сваімі сіламі мы не справімся, таму шмат будзе залежыць ад супрацоўніцтва з гарадскім ўладамі.  Прынамсі гэтае свята ім спадабалася, і ужо ёсць дамоўленасць аб супрацоўніцтве на меншых пляцоўках Магілёва.