Павіншаваць мастака і гісторыка Базыля Камарава з юбілеем прышло каля 100 чалавек.
— Столькі людей для гэтай выставачнай залі — рэкорд, — адзначае на імпрэзе дырэктар “Музея гісторыі Магілёва” Аляксей Бацюкоў.
Сярод прысутных — мастакі, пісьменнікі, навукоўцы. Юбілейная выстава мастака Базыля Камарава сабрала людзей, якіх тэма гісторыі хвалюе гэтак жа моцна, як і аўтара.
Мастацтва, па якім можна вывучаць гісторыю Магілёва
Выстава “Пошукі рэха” — гэта вынік доўгай працы Базыля Камарова па вывучэнні гісторыі Магілёва. У экспазіцыю ўвайшлі і добра вядомыя, і зусім новыя працы. Тут можна ўбачыць, якім быў горад у XVII, XVIIІ, XIX стагоддзях.
— Мне было гадоў 17, калі гісторыя мяне зачаравала, — кажа Базыль Камароў. — Памятаю, як у рукі патрапіла кніга “Архітэктура Магілёва”. Пасля лёс звёў з археолагамі Міхасём Чарняўскім і Алегам Трусавым. Разам ездзілі на раскопкі. Час ішоў, я “абрастаў” цікаўнасцю да мінулага, не толькі да гісторыі Магілёва. Хаця, у датах я магу вельмі блытацца, — смяецца мастак. — Але мінулае, як пэўная прастора, мне вельмі падабаецца. Таму і малюю.
“Я малюю Магілёў, якога даўно няма”
Па словах мастака, малюе ён найперш для сябе. Бо падабаецца даследваць і ўяўляць, якім быў горад некалі. А яшчэ падабаецца ўяўляць, што Магілёў верне сваю былую прыгажосць, прынамсі ў архітэктуры.
— Я люблю Магілёў найперш за мінулае, — кажа Базыль Камароў. — Але спадзяюся, што некалі, частка гэтага мінулага адродзіцца. Напрыклад, вельмі прыемна, што паўстала Ратуша, спадзяюся, што адродзяцца і іншыя страчаныя помнікі.
— І сёння баліць душа, калі на месцы былога храма будуюць нейкую сучасную “каробку”, — дадае мастак. — Чаму, напрыклад, палякі могуць Каралеўскі замак аднавіць з нуля? Я веру, што прыйдзе час і прыйдуць іншыя людзі, яны адбудуюць гістарычную частку горада. Але цяпер важна, не даць тым, хто імкнецца зарабіць як мага больш грошаў, забудаваць гістарычны цэнтр. А калі і будаваць — то з папярэднім грамадскім абмеркаваннем.
Выстава будзе працаваць яшчэ месяц.
Выстава “Пошукі рэха” працуе ў гарадской выставачнай залі на Болдзіна, 1.
Яна адчынена да 27 кастрычніка.
Даведкі па телефоне: (0222) 22-10-58