Беларусь 1000 гадоў жыве без Бібліі

Публічную лекцыю пра беларускую Біблію магілёўцам прачытае адзіная ў краіне жанчына — доктар тэалогіі Ірына Дубянецкая.

Сутрэча адбудзецца 26 кастрычніка ў межах адукацыйнага праекта — «Urbi et Orbi», які распачынае другі магілёўскі сезон. Арганізатарам цыклу публічных лекцыяў з’яўляецца «Лятучы універсітэт».

Ірына Дубянецкая — доктар філасофіі і адзіны ў Беларусі свецкі доктар сакральнай тэалогіі. Яна навучалася ў Брытаніі і Бельгіі, жыве ў Беларусі і марыць пра беларускую Біблію.

На беларускай мове ёсць тры поўныя пераклады Бібліі і шмат няпоўных. І тым не менш Ірына Дубянецкая правакуе, сцвярджаючы, што Беларусь жыве 1000 гадоў без Бібліі. І дадае, «Без Бібліі па-беларуску». Чаму? У тым ліку і пра гэта будзе яё лекцыя.

«Urbi et Orbi», — форма публічнага выказвання, якая прэтэндуе на тое, каб станавіцца арыенцірам і ў грамадскім, і ў індывідуальным жыцці грамадзян. Стваральнікі курса публічных лекцый разлічвалі на тое, што яны стануць месцам інтэлектуальнага пошуку, дыялогу і развіцця.

За мінулы год у Магілёве адбылося каля дзесятка лекцый. Сярод лектараў былі культуролаг Сяргей Харэўскі, дызайнер Міхал Анемпадыстаў, паэт і філосаф Ігар Бабкоў, палітолаг Вячаслаў Бабровіч.

Дзе і калі адбудзецца лекцыя

Лекцыя пачнецца 26 кастрычніка ў 16:30.

Будынак «Тэхнапарку» знаходзіцца па адрасе: вуліца Ленінская, 63, зала 807.

Уваход вольны.

 

Даведка

Ірына Дубянецкая нарадзілася ў Мінску, скончыла інстытут замежных моў, працавала ў Інстытуце літаратуры Акадэміі навук Беларусі, цэнтры Скарыны, часопісе «Крыніца»

Мае дыплом магістра багаслоўя. Абараніла доктарскую дысертацыю па тэме «Космас і хаос у жыдоўскай Бібліі і міфалогія старажытнага Блізкага Ўсходу». Адзіная жанчына ў Беларусі, якая мае ступень доктара сакральнай тэалогіі. Сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Адна з ініцыятараў руху за адраджэнне беларускай грэка-каталіцкае царквы. Сузаснавальніца часопіса «Унія», яго галоўны рэдактара. Піша вершы на беларускай і англіскай мовах.