«N.R.M.» прывёз у Магілёў новы альбом, а публіка чакала старыя хіты

Адноўлены гурт на чале з Пітам Паўлавым не стасуецца з Лявонам Вольскім і збіраецца атрымаць Грэмі.

На прэзентацыю новага альбому «Д.П.Б.Ч.», у клуб «Cuba» 23 кастрычніка прыйшло каля 100 чалавек. Сярод прысутных і бывалыя рокеры і дзяўчынкі на высокіх абцасах.

— Я вырасла на песнях «N.R.M.«, кажа студэнтка Ірына.  «Падымі мяне па-над зямлёю» — спяваў нават мой тэлефон. Сёння я прыйшла паглядзець, што стала з гуртом пасля таго, як сышоў Лявон Вольскі.

А без Вольскага «N.R.M.» існуе ужо два гады. Былы лідар пакінуў калектыў з-за непаразуменняў з іншымі музыкамі. Сёння гурт — гэта Піт Паўлаў, Алезіс Дземідовіч і Юрый Ляўкоў. У Магілёў прыехалі ўсе трое. На сцэну выйшлі з 40-хвілінным спазненнем і заспявалі:

Настальгія ці параноя, я цяпер з табой параўноўваю, мроя мая не здзейсненая…

Сам Піт Паўлаў называе гэтую новую песню гімнам новых «N.R.M.»:

— Насамрэч, цяперашні «N.R.M.» — гэта спроба разабрацца, — разважае Піт Паўлаў. — Настальгія вельмі прыемны стан, але ён небяспечны. Таму трэба ад яго адмаўляцца і жыць сучасным жыццём. Таму мы пішам новую музыку і стараемся не чапляцца за мінулае.

«Д.П.Б.Ч.» складаецца з 8 песень. Сярод іх і зусім новыя трэкі, і песні, якія ўваходзілі у былыя альбомы гурта, але не сталі хітамі. Іх музыкі выканалі у новай стылістыцы. У падтрымку альбома рыхтуюцца два кліпы. Відэа на «Pramien» гурт прэзентаваў у лютым мінулага года.

Новы альбом магілёўская публіка прыняла досыць цёпла. Але па-сапраўднаму «шалелі» калі са сцэны заспявалі «Паветраны шар», «Песня пра каханне», «Лёгкія-лёгкія».

— Гэтыя песні прайшлі выпрабаванне часам. Мы пакінулі ў новай праграме толькі самыя «хіцяры», бо без іх людзі адчулі б сябе ашуканымі, прызнаецца Піт Паўлаў.

Пасля канцэрту Піт доўга раздаваў аўтографы ды фатаграфаваўся з прыхільнікамі.

— Гэта не проста рок-гурт. Калісьці быў Мулявін, які цэламу пакаленню беларусаў даў зразумець хто яны ёсць. Тое ж самае робіць гурт «N.R.M.», з Вольскім ці без яго, кажа студэнт Аляксей.

Гурта без Вольскага для мяне не існуе. І сёння я ў гэтым пераканалася, — кажа Наталля. — Няма былога настрою і драйву. І мне балюча бачыць тут так мала людзей. Няхай бы Піт рабіў музыку пад іншым назвай, а «N.R.M.» хай застаецца ўспамінам, калі гурт збіраў тысячы прыхільнікаў.

Сёння я зрабіў для сябе выснову, што «N.R.M.» будзе развівацца ў нейкім новым і дастаткова цікавым накірунку, лічыць Сяргей. Мне спадабалася.

Пасля Магілёва «N.R.M.» чакаюць канцэрты ў Маскве, Піцеры і Мінску.

У планах у нас атрымаць Грэмі, зняцца ў галівудскім блокбастэры і напісаць да яго саўндтрэк. І за гэта атрымаць яшчэ адно Грэмі, усміхаецца на развітанне Піт Паўлаў.