Магілёўцаў запрашаюць на «вячоркі»

Гасцям вечарыны распавядуць пра традыцыйныя восеньскія «Дзяды» і навучаць спяваць народныя песні.

Арганізатары абяцаюць цікавую размову пра тое, як і навошта магчыма спалучыць элементы традыцыйнай культуры з жыццём сучаснага гарадскога чалавека.

Першыя вячоркі арганізатары прысвяцілі традыцыйным «Дзядам» дню памінання памерлых продкаў.

Гэта сямейны абрад, падчас якога за сакральнай вячэрай збіраўся ўвесь род, і гэта мела вельмі важную яднаючую функцыю, распавядае Ганна, адна з арганізатараў. Мы пакажам і раскажам, напрыклад, якія стравы ставіліся на стол, чаму блінамі ўпрыгожвалі хату, чаму відэльцы і нажы ў гэты вечар былі пад забаронай. Паспрабуем данесці сэнс абраду. І будзе вельмі добра, калі пасля вечарыны, кожны з прысутных прыйдзе дадому і справіць Дзяды разам са сваёй сям’ёй.

Па словах Ганны, пасля сканчэння афіцыйнай часткі, гасцей чакаюць традыцыйныя спевы. Магчыма, будуць музыкі.

 

Наведаць вечарыну можа кожны зацікаўлены

Арганізатары збіраюцца ладзіць падобныя «вярочкі» некалькі разоў на месяц. Далучыцца да аматараў этнаграфіі запрашаюць усіх, каму ёсць што сказаць, альбо праспяваць:  музыкаў, паэтаў, аматараў роднай гісторыі і культуры.

Галоўная мэта, каб  дажджлівым вечарам магілёўцам было куды прыйсці пагрэцца, паслухаць песні, паразмаўляць пра важныя рэчы, даведацца нешта новае. Справа ў тым, што у Магілёве этнаграфія існуе ў межах музея. Мы ж хочам паказаць, якой карыснай яна можа быць у побыце сучаснага чалавека, дадае Ганна.


Дзе і калі адбудзецца вечарына

«Вячоркі» ладзіць салон-студыя «Шчырая майстэрня» разам з магілёўскімі сябрамі «Студэнцкага этнаграфічнага таварыства».

Вечарына адбудзецца 2 лістапада ў 17:30.

Салон-магазін «Шчырая майстэрня» знаходзіцца па адрасе: вуліца Першамайская, 5/1. Уваход вольны.

Даведацца пра імпрэзу падрабязней, альбо звязацца з арганізатарамі можна тут.