У Магілёве пройдзе “Кірмаш культурніцкіх праектаў”: прымаюцца заяўкі

Пераможцам дапамогуць увасобіць свае ідэі ў жыццё.

“Кірмаш праектаў” адбудзецца ў Магілёве 15 лістапада і прадставіць ідэі для паляпшэння культурніцкага жыцця “глыбінкі”. 

Як цікава і сучасна перадаваць новым пакаленням народныя культурныя традыцыі? Хто гэтым павінны займацца і ці трэба гэта наогул? У якіх формах традыцыя можа існаваць у сучасным грамадстве? На гэтыя пытанні будуць разважаць удзельнікі “Кірмаша праектаў”: навукоўцы, мастакі, грамадскія актывісты, якія выступяць у якасці экспертаў.

Але галоўная мэта “Кірмашу” — пошук цікавых ідэй для паляпшэння ўзроўню культурніцкага жыцця горада і вобласці. Да ўдзелу прымаюцца грамадска значныя праекты, падзеі, канцэпцыі, стратэгіі, прапанаваць якія можа любы чалавек: грамадскі актывіст, дзеяч культуры, мастак альбо проста неабыякавы чалавек. Разглядацца будуць як ужо існуючыя праекты, так і свежыя ідэі. 

Абмеркаванне адбудзецца ў фармаце: “маланкавая размова” — прагляд некалькіх 5-хвілінных прэзентацый, пасля чаго адбудзецца іх абмеркаванне прысутнымі і выбар лепшых шляхам галасавання.

Нагадаем, што “Кірмаш” у Магілёве ўжо праходзіў год таму. Дзякуючы яму рэалізавалася некалькі культурных праектаў: “Палатно гісторыі ў стылі графіці”, “Паэзія ў метро”, фестываль “Зялёныя святкі”  і іншыя.

 

Калі і дзе адбудзецца “Кірмаш праектаў”

Сустрэча пройдзе 15 лістапада у “Тэхнапарку” (вуліца Ленінская, 63; ауд. 806-807). Пачатак у 18:00. У абмеркаванні возьмуць удзел некалькі знаных і паважаных у краіне  дзеячаў культуры. Уваход вольны.

 

Заяўкі на ўдзел у кірмашы ўжо прымаюць

Прэзентацыю свайго праекта трэба даслаць да 11 лістапада ўключна на электронную скрыню: kirmash.praektau@gmail.com

Прэзентацыя павінна змяшчаць:

  • назву і сутнасць праекта (што менавіта вы хочаце прадставіць)

Для  ідэй і канцэпцый:

  • мэты і задачы (чаму і каму гэты праект неабходны);
  • фармат праекта, яго ўнікальнасць і неабходнасць;
  • калі і дзе ідэя мусіць рэалізавацца;
  • якія рэсурсы вы ўжо маеце і якія шукаеце (каманда, дзеянні, партнёры, бюджэт).

Для рэалізаваных праектаў таксама:

  • вашыя поспехі і цяжкасці ў рэалізацыі;
  • як вы бачыце развіццё праекта ў будучыні.

Для канцэпцый ці стратэгіі:

  • апісанне (сутнасць, бачанне);
  • мэтавыя аўдыторыі.

Больш падрабязна пра падрыхтоўку прэзентацыі для “Кірмашу праектаў” можна даведацца тут.