Першы нумар альманаха «Брама» прэзентуюць 12 лістапада.
«Брама» — гэта першы беларускамоўны літаратурна-мастацкі альманах Магілёўскай вобласці. У выданні прадстаўлена сучасная магілёўская паэзія, проза, драматургія. Таксама сюды ўвайшлі пераклады і працы па літаратуразнаўству.
Сярод аўтараў першага нумара — Васіль Аўраменка, Міхась Булавацкі, Сяргей Украінка, Валер Казакоў, Віталь Еўменькоў і іншыя.
— Выданне разлічана найперш на людзей, якія цікавяцца сучаснай беларускай літаратурай, — распавядае старшыня Магілёўскай філіі «Саюз беларускіх пісьменнікаў» Мікола Яцкоў. – Мы сабралі лепшыя ўзоры літаратуры рэгіёна. Тут прадстаўлены розныя жанры і накірункі: ад рэалістычнай прозы да авангарднай моладзевай паэзіі.
Па словах Міколы Яцкова, моладзевы складнік ў часопісе з часам будзе павялічвацца. Напрыклад, ужо ў наступным нумары тут могуць з’явіцца творы Анкі Ўпалы ці Алесі Башарымавай.
Плануецца, што часопіс будзе выходзіць раз на год.
Першы нумар «Брамы» прэзентуюць 12 лістапада ў грамадскім цэнтры «Кола сяброў» (завулак Чкалава, 16). Пачатак у 18:00. Уваход вольны.
Акрамя аўтараў у вечарыне ўдзельнічаючь Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч і першы намеснік Старшыні Алесь Пашкевіч. На імпрэзе выступіць бард Алесь Камоцкі.