Юрый Несцярэнка рыхтуе «няпросты» новы альбом

Блюзмэн з Бялынічаў выклаў у Інтэрнэт заглаўны сінгл сваёй новай пласцінкі.

Лідар гуртоў “White Night Blues” і “Nestary Band”, Юрый Несцярэнка прэзентаваў у Інтэрнэце сінгл «Аэрапланы ў вырай». Трэк стане заглаўнай кампазіцыяй яго новага альбома.

— У песні прысутнічае адчуванне самоты і тугі ў межах беларускай прасторы, — распавёў Юрый Несцярэнка euroradio. — Увогуле да песень новай пласцінкі варта прыслухацца. Гэта тэксты не напісаныя штучна, пад нейкую замову ці для нейкага праекту. Яны пісаліся, як адчуваліся. Адпаведна, яны цікавыя і няпростыя, не разлічаныя на лёгкае ўспрыманне.

Новы альбом Юрыя Несцярэнкі убачыць святло ў апошнія дні старога ці ў першыя дні новага года. Яе блюзмэн ствараў цягам трох гадоў.

Пласцінка будзе мець назву «Аэрапланы ў вырай». У музычным сэнсе альбом будзе традыцыйным для Несцярэнкі: рок з элементамі фанка і блюза.