Магілёўцаў запрашаюць заняцца калектыўным рукадзеллем

Якое месца займалі вышыўка і ткацтва ў жыцці нашых бабуль, раскажуць і пакажуць на “вячорках”.

Перадача жыццёвага вопыту з пакалення ў пакаленне — вельмі важны камунікатыўны момант, якога мы сёння пазбаўленыя, лічыць Ганна, адзін з арганізатараў мерапрыемства ў Магілёве:

— Зараз ідзе Піліпаўскі пост, падчас якога нашым бабулям і прабабулям прыходзіў час займацца рукадзеллем. Звычайна яны рабілі гэта супольна. Збіраліся ў адной хаце, ткалі ці пралі, спявалі, размаўлялі. Тым самым сталыя жанчыны перадавалі свой жыццёвы вопыт маладым дзяўчатам. Як чыста практычныя веды, так і нейкія светапоглядныя нормы.

На вечарыну запрашаюць усіх зацікаўленых, асабліва тых, каму ёсць што сказаць, альбо праспяваць. Госці імпрэзы могуць прыходзіць са сваімі рукадзеллямі. Арганізатары абяцаюць не толькі сумеснае вязанне шкарпэтак, але і спевы. Таксама будзе міні-лекцыя аб семантыцы традыцыйнага беларускага арнаменту. Напрыканцы вечарынкі будуць танцы і гульні з удзелам дудара Кастуся Канцавога.

— Галоўная мэта “вячорак” — каб людзям, неабыякавым да роднай культуры, было куды прыйсці, знайсці аднадумцаў, паразмаўляць пра важныя рэчы. Справа ў тым, што ў Магілёве этнаграфія існуе ў межах музея. Мы ж хочам паказаць, якой карыснай яна можа быць у побыце сучаснага чалавека, — кажа Ганна.

 

Дзе і калі адбудзецца вечарына

«Вячоркі» ладзіць салон-студыя «Шчырая майстэрня» разам з магілёўскімі сябрамі са «Студэнцкага этнаграфічнага таварыства».

Вечарына адбудзецца 14 снежня ў 17:30 па адрасе: вуліца Першамайская, 5/1. Уваход вольны.

Даведацца пра імпрэзу падрабязней альбо звязацца з арганізатарамі можна тут.

“Вячоркі” у Магілёве адбываліся ўжо двойчы. Пра традыцыйныя восеньскія «Дзяды»  жыхарам горада распавядалі 2 лістапада. А 23 лістапада госці вечарыны вучыліся спяваць “рэкруцкія” песні і танчыць кракавяк.