Невялікая прагулка па Магілёву: з сучаснасці ў мінулае

Gorad.by выправіўся ў «вандроўку» па вуліцах горада, узяўшы з сабой паштоўкі, на якіх зафіксаваны іншы Магілёў, якога сёння амаль не стае…

За ўсю сваю гісторыю Магілёў часта быў арэнай баявых дзеянняў – войны не раз наносілі гарадской архітэктурнай спадчыне невымяральны урон. Шмат было знішчана і ў мірныя савецкія часы. На сёння на аднаўленне выбітных помнікаў часта не хапае сродкаў… Мы можам бачыць прыгажэйшых забудоў мінулага Магілёва найчасцей на фотаздымках і паштоўках.

А ўсё ж такі, па якім горадзе хадзілі магілёўцы мінулых стагоддзяў і што бачым на вуліцах горада мы – сённяшнія жыхары? Прапануем прагуляцца па горадзе мінулага разам з намі і параўнаць.

Пачынаем…

Лютэранская кірха

Раней: Прыхадская кірха знаходзілася насупраць мужчынскай гімназіі (гандлёвага цэнтру «Аліса» сёння).

Драўляная, невялікіх памераў кірха была па-нямецку акуратна дагледжана.Увітая плюшчом, яна асабліва маляўніча выглядала летам.

Сёння: Цяпер на месцы знішчанай у савецкі час кірхі на скрыжаванні завулка Мігая (былога Лютэранскага) і вуліцы Ленінскай (Вялікай Садовай) разбіты сквер.

 

Будынак дзяржаўнай мужчынскай гімназіі

Раней: Быў пабудаваны ў 1789 годзе як Магілёўскае народнае вучылішча. У 1809 годзе на базе вучылішча была арганізавана мужчынская гімназія. З 1917 па 1991 год тут была сярэдняя школа, якая потым зноў атрымала статус гімназіі.

Сёння: Ў старажытным будынку пасля рэканструкцыі знаходзіцца гандлёвы цэнтр «Аліса».

 

Кармеліцкі касцёл Святога Станіслава

Раней: Касцёл Святога Станіслава быў пабудаваны ў 1738-1752 гадах на месцы знішнага пры пажары драўлянага касцёла. У 1780 годзе касцёл наведала Кацярына ІІ. Ёй так спадабаўся храм і арган у ім, што яна загадала перасяліць кармелітаў у іншы будынак. А сам касцёл аддала пад рэзідэнцыю біскупу.

У савецкі час у памяшканнях касцёла размяшчаўся дзяржаўны архіў.

Сёння: Касцёл вернуты рыма-католікам.

 

Уваскрэсенская царква і гатэль «Францыя»

Раней: Уваскрэсенская царква была ператворана ў праваслаўную царкву пасля 1833 года. Будавалася ж яна як касцёл езуіцкага кляштара Святога Ксаверыя ў 1699- 1725 гадах.

Побач з касцёлам знаходзіўся будынак езуіцкага калегіума. А пасля ліквідацыі ордэна іезуітаў у 1820 г. тут была афіцэрская школа.

Таксама тэатральную плошчу ўпрыгожваў будынак гатэля «Францыя», ў якім ў савецкія часы знаходзіўся абласны ваенкамат.

Сёння: Храм быў знішчаны ў 1950-я гг. Зараз на яго месцы пустая пляцоўка. На падмурках калегіума іезуітаў у 1980-х гадах быў пабудаваны Музей дзекабрыстаў, сёння – Музей этнаграфіі. Гатэль знеслі ў 1970-я, а побач пабудавалі Дом палітасветы абкама КПБ, сёння — «абласная філармонія».

 

Рэальнае вучылішча

Раней: Будынак Аляксандраўскага рэальнага вучылішча быў узведзены ў 1885 годзе на ахвяраванні жыхороў губерні. Навучальная ўстанова рыхтавала да паступлення ў тэхнічныя і сельскагаспадарчыя навучальныя ўстановы, а таксама на фізіка-матэматычныя факльтэты ўніверсітэтаў.

Сёння: У 1950-я гады будынку дабудавалі яшчэ 2 паверхі. Цяпер тут размяшчаецца педагагічны каледж і педагагічны факультэт МДУ імя А.А.Куляшова.

 

Будынак акруговага суда

Раней: Будынак узвялі ў канцы 18 стагоддзя. Яго падзялілі між сабой ніжні земскі суд, архіў і ўрачэбная ўправа. У кожнай установы былі асобныя ўваходы і ўнутраныя дворыкі. У 1883 годзе будынак перапланавалі, надбудавалі трэці паверх, дэкарыравалі фасад і размясцілі ў ім акруговы суд.

У гады Першай сусветнай вайны памяшканні суда выкарыстоўваліся ўстановамі Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага.

Сёння: У 50-я гады ХХ стагоддзя будынак аднавілі і пераабсталявалі пад Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Я.Р.Раманава.

 

Будынкі губернскага праўлення і Палаца губернатара

Раней: Будынкі губернскага праўлення і Палаца губернатара займалі цэнтральнае месца на Губернатарскай плошчы (цяпер Савецкай) з канца 18 стагоддзя.

Першы – Дом губернскага праўлення, у якім размяшчаліся дзяржаўная палата, павятовы суд, дэпартаменты, паліцыя, грамадзянская аптэка, кватэрная камісія і іншыя ўстановы. У гады Першай сусветнай вайны тут знаходзіўся кабінет цара. А пасля рэвалюцыі і да пачатку ВАВ у будынку была мясцовая друкарня.

Другі – Палац губернатара. Палац з’яўляўся рэзідэнцыяй магілёўскіх губернатараў. У гады Першай сусветнай вайны тут падоўгу пражываў імператар Мікалай ІІ з сынам. Пасля рэвалюцыі ў будынку размяшчаўся Дом піянераў. А ў 1944 годзе ён быў разбураны.

Сёння: З 1982 года пасля рэканструкцыі плошчы на месцы гэтых будынкаў узведзены мемарыяльны комплекс «Змагарам за Савецкую ўладу».

 

Гарадская Ратуша

Раней: Будаўніцтва Ратушы было скончана ў 1698 годзе У ёй знаходзіўся гарадскі магістрат. Будынак ратушы быў пашкоджаны ў гады Другой сусветнай вайны, а ў 1957 годзе — знесены.

Сёння: У 2008 годзе ратуша была адноўлена і зараз у ёй знаходзіцца Музей гісторыі магілёва.

 

Богаяўленскі сабор

Раней: Богаяўленскі сабор Брацкага манастыра быў прыгажэйшым будынкам Магілёва 18 стагоддзя. Унутры сабор быў багата распісаны і меў пазалачоны разны іканастас. Побач з царквой была пабудавана 4-хярусная вежа з гадзіннікам. Пасля Другой сусветнай вайны комплекс быў амаль цалкам разбураны, яго муры разабралі.

Сёння: На месцы сабора і вежы знаходзіцца жылы дом і музычная школа (паміж Першамайскай і Ленінскай).

 

Кафедральны Іосіфаўскі сабор

Раней: Храм быў пабудаваны ў канцы 18 стагоддзя ў гонар сустрэчы Кацярыны ІІ з аўстрыйскім імператарам Іосіфам ІІ. На Шклоўскай (Першамайскай) вуліцы быў маляўнічы ансамбль Саборнай плошчы. У савецкія часы ў Саборы быў створаны музей гісторыі і атэізму. Але ў 1930-х ён быў зачынены, а ў 1938 годзе сабор узарвалі.

Сёння: На месцы сабора пабудавалі гатэль «Днепр». А ад Саборнай плошчы засталася толькі арка ў гонар Кацярыны ІІ, якая была перароблена ў арку з памятнымі дошкамі ў гонар вайсковых часцей, вызваляўшых горад ад фашыстскіх захопнікаў.

 

Будынак Магілёўскага дваранскага сходу

Раней: У канцы 19 стагоддзя дом належыў купцу Цэтліну. Тут магілёўскае дваранства праводзіла сходы.У пачатку 20 стагоддзя новы ўладар дома аб’яднаў будынак з суседнім, надбудаваш ім трэці паверх і адкрыў гатэль «Венецыя».

У савецкія часы тут быі гарсвет, ЗАГС, бібліятэка, парткабінет абкама КП(б)Б і інш.

Сёння: Пасля рэканструкцыі ў будынку размяшчаецца Цэнтр культуры і вольнага часу.

 

Вуліца Вялікая Садовая

Раней: Трохпавярховы будынак злева – дом купца Бабовіка. На першым паверсе было мноства крам, самы буйны гастраном горада. Астатнія паверхі здаваліся пакватэрна ўнаём. Насупраць дома купца размяшчаліся будынкі з кнігарняй і камісійнай крамай.

Сёння: З 1930 года будынак займае Магілёўскі педагагічны ўніверсітэт (МДУ імя А.А.Куляшова).

 

Вуліца Дваранская, гатэлі «Брыстоль» і «Вена»

Раней: Гатэлі «Вена» і «Брыстоль» былі самымі папулярнымі ў Магілёве. Двухпавярховы будынак справа – «Вена», злева ад яго аднапавярховы будынак – «Брыстоль». У савецкі час у гэтых буданках размясцілі культурна-асветніцкае вучылішча.

Сёння: Зараз гэта адзін трохпавярховы дом, у якім месціцца каледж мастацтваў.

 

Скрыжаванне вуліц Вялікай Садовай і Дваранскай

Раней: Вуліца Вялікая Садовая (Ленінская) знаходзілася ў цэнтры Магілёва. З 1823 года вуліца набыла выгляд скразной дарогі і праходзіла праз увесь горад. Вуліца Дваранская (Камсамольская) вяла ад Тэатральнай плошчы да Касцярні (пл.Арджанікідзэ) і перакрыжоўвалася з Вялікай Садовай.

Сёння: Зараз на скрыжаванні Ленінскай і Камсамольскай шмат крамаў і гатэль.

 

                      _______________________________________________________________________

Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстоўвалія паштоўкі з камплекту «Магілёў: з мінулага ў сучаснае», якія былі распрацаваныя ў межах праекта «Сто зруйнаваных помнікаў архітэктуры Магілёва» і тэкст да паштовак магілёўскага гісторыка Аляксандра Агеева.