Падпісаць кожны з 71 экспанатаў выставы і выставіць апошнія работы – асноўны занятак працаўнікоў залы.
Выстава «Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта» адкрылася 2 кастрычніка ў выставачнай зале музея гісторыі Магілёве на вуліцы Болдзіна. У экспазіцыі сабраны 71 работа 40 беларускіх авангардыстаў апошніх 30 гадоў. Тут можна пабачыць розныя напрамкі мастацтва: жывапіс, графіка, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, арт-аб’екты, фатаграфія і іншыя.
Выстава была створана музеем сучаснага выяўленчага мастацтва і цэнтрам сучаснага мастацтва. Першапачаткова яна адкрылася ў Мінску ў выставачным цэнтры «БелЭкcпа», а цяпер пачала падарожнічаць па Беларусі. Першым горадам пасля сталіцы, дзе праходзіць выстава, стаў Магілёў.
– У экспазіцыі выставы сабраны работы авангардыстаў з кожнага рэгіёна Беларусі. Наш горад прадстаўляюць скульптар Андрэй Вараб’ёў і мастак Юрый Несцярук, – распавядае gorad.by дырэктар музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў.
Gorad.by наведаў выставу «Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта» за тры гадзіны да афіцыйнага адкрыцця і паназіраў за апошнімі падрыхтоўкамі арганізатараў.
За тры гадзіны да адкрыцця: 71 паперка для наклейвання і выпадковыя наведвальнікі
У залі няма мітусні, тут пануе спакойнасць і размеранасць. На падлозе дзе-нідзе ляжаць вяроўкі, малаток, пакеты з прыстасаваннямі для ўмацавання экспанатаў. З месца на месца па 300 квадратным метрам залы перамяшчаецца будаўнічая лесвіца і ходзяць некалькі чалавек у адмысловай форме. На ўсім, што можа выконваць функцыю стала, ляжаць скотч, нажніцы і паперкі з апісаннем работ.
Падпісаць кожную з 71 работы – асноўная задача працаўнікоў залы на бліжэйшыя тры гадзіны, бо амаль усе экспанаты выставы ўжо стаяць на сваім месцы. Толькі адна сцяна ў самым далёкім закутку пакуль пустая. Але праз 15 хвілін на ёй ужо вісяць карціны, якія вешае сам дырэктар музея гісторыі Магілёва.
Работы беларускіх авангардыстаў розныя. Гэта звязана з вялікім абсягам часу стварэння работ і з разнастайнасцю прадстаўленых жанраў. На карцінах выставы можна пабачыць як лёгкачытальныя вобразы, напрыклад, гандляркі, так і геаметрычныя фантазіі мастакоў. Таксама ў экспазіцыі можна вылучыць некалькі тэматычных блокаў, напрыклад, стылізаваныя крэслы з пласмасы, дрэва. Ёсць некалькі шлёпак з цэглы (руск. кирпича) і цэменту. У адной кампазіцыі могуць спалучацца работы розных жанраў, напрыклад, крыштальная (руск. хрустальная) скульптура кроплі і блокам фотаздымкаў.
Выпадкова ў залу зайшла група мінакоў. Ім адказалі, што выстава адкрыецца ў 17 гадзін. Людзі, акінулі вокам памяшканне з карцінамі і скульптурамі і запыталі пра кошт квітка.
– Колькі б не каштавала, усё адно танна, – кажа нехта з працаўнікоў.
Даведаўшыся пра кошт, жанчыны і мужчыны здзіўляюцца і гавораць, што абавязкова прыйдуць сюды пасля адкрыцця.
Як наведаць выставу
Выстава будзе дзейнічаць з 2 кастрычніка па 2 лістапада.
Час працы: з 11:00 да 19:00, панядзелак і аўторак — выхадныя.
Кошт квіткоў для дарослых — 6 000 рублёў, для дзяцей, студэнтаў і пенсіянераў — 3 000 рублёў.