Станіслаў Шушкевіч: беларусы ментальна не саспелі для дэмакратыі

Сустрэча са Станіславам Шушкевічам у Магілёве адбылася 9 снежня і сабрала больш за 100 гараджан.

Імпрэзу прымеркавалі да гадавіны падпісання Белавежскага пагаднення, паводле якога спыніў сваё існаванне СССР і ўтварыўся СНД.

Першы кіраўнік беларускай дзяржавы Станіслаў Шушкевіч распавядаў пра сябе, прэзентаваў кнігу ўспамінаў «Маё жыццё, крах і ўваскрашэнне СССР».

«Мы не ехалі ў Віскулі, каб разваліць СССР»

Па словах Станіслава Шушкевіча, ні ён, ні Барыс Ельцын, ні Леанід Краўчук не ехалі ў Віскулі з намерам разваліць СССР.

— Неабходнасць падпісання пагаднення ўзнікла натуральным чынам, пасля абмеркавання сітуацыі, якая склалася ў Савецкім Саюзе. У снежні 1991 года ўсе рэспублікі Саюзу ўжо мелі свае дэкларацыі аб незалежнасці. Фактычна, СССР ужо не існавала, краіна перастала быць кіраванай, а гэта пагражала страшнымі наступствамі. Трэба было нешта рабіць. Мы вырашылі будаваць, а не руйнаваць, і таму стварылі СНД. Праўда, з часам ён, нажаль, ператварыўся ў садружнасць дыктатур.

Няшчасце жыць у час перамен: важна мець веру ў лепшае

— Якія б змены у грамадстве не адбываліся — спачатку будзе цяжка, а толькі потым наступае паляпшэнне. І гэта трэба разумець, — гаворыць Станіслаў Шушкевіч.

— У 1991 годзе была разруха. І мы многае наладзілі. Было значна горш, чым цяпер. Але, цяпер магло быць значна лепш, каб краіна пайшла іншым шляхам, калі б мела лідара, якіх мог настроіць народ на пазітыў. Прыклад Польшчы паказальны. Фінансавы крызіс іх безумоўна крануў, але краіна ўзнялася на вельмі высокі узровень адносна нас. У іх ёсць запал і вера ў будучыню. А тым часам мы не менш працавітыя, не менш кемлівыя.

Таксама падчас сустрэчы Станіслаў Шушкевіч адказаў на пытанні магілёўцаў:

Хто насамрэч кіруе Беларуссю? — Не ведаю…

— Я не ведаю адказу на гэтае пытанне. І вы не ведаеце. Мы і цяпер разбіраемся, хто кіраваў Савецкім Саюзам. Дакладна можна сказаць, што ёсць асобы ўплыву, яны вызначаюць вельмі многа. Хто гэтыя шэрыя кардыналы — адказаць цяжка. Прынамсі, з дакладнасцю магу сказаць, што дэмакратычная сістэма дазваляе гэтых людзей ставіць на свае месцы, абмяжоўваць іх уплыў.

Не шукаць вінаватых, а пачынаць змены з сябе

— У сітуацыі, якая склалася ў нашай краіне, вінаватыя мы самі, перакананы Станіслаў Шушкевіч.

— Я лічу, што ментальнасць нашага люду на сёння не саспела для таго, каб Беларусь была дэмакратычнай дзяржавай. І найперш адказнасць ляжыць на інтэлігенцыі, бо яна забылася, што нельга будаваць дэмакратыю ў залежнай дзяржаве і паказвае адпаведны прыклад дзеянняў. А яшчэ мы прывыклі шукаць вінаватага, але не думаем, што трэба рабіць справу, пачынаць змены з сябе. Але я гляджу наперад з пазітывам, бо ў беларусаў ёсць прынамсі адна вельмі важная якасць — выжываць у любых умовах.