Беларускае моўнае пытанне: каго яно хвалюе ў Магілёве (+ тэст-апытанне)

Сусветны дзень роднай мовы адзначаецца 21 лютага. Большасць жыхароў Беларусі і Магілёва, ў прыватнасці, называюць роднай беларускую мову. Але на вуліцах горада беларуская гаворка амаль зусім не гучыць, і людзей, каторыя карыстаюцца мовай штодзень, прыйшлося шукаць адмыслова.

Беларуская мова ў занесена ў «Атлас моваў свету, якім пагражае знікненне»

Па афіцыйных звестках Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, у час апошняга перапісу насельніцтва беларускую мову назвалі роднай 53,2% насельніцтва краіны, а гэта крыху болей за 5 мільёнаў чалавек. А вось размаўляюць па-беларуску штодзённа толькі 23% насельніцтва (2 мільёна 200 тысяч беларусаў). І гэта пры тым, што падчас мінулага перапісу (1999 год) роднай мовай беларускую назвалі 73,6% жыхароў краіны.

У канцы 2009 года ЮНЭСКА выпусціла «Атлас моваў свету, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення». Туды ўвайшла і беларуская.

Розныя аспекты «моўнага пытання» gorad.by абмеркаваў з магілёўцама якія ў штодзённым жыцці перавагу аддалі беларускай мове.

 

Таня Душэўская, мастак, кіраўнік літаратурна-мастацкай часткі магілёўскага тэатра лялек

— Мне падаецца, што людзі збольшага проста баяцца мець сілу волі, бо перайсці на мову — гэта вельмі адказна.

Вось і я размаўляю не заўсёды, размаўляю на беларускай мове з тымі, з кім прыемна размаўляць, ці калі хочацца адчуць сябе чалавекам.

А наконт сродкаў… ды прынамсі трэба кожны дзень, нягледзячы ні на што, усміхацца кандуктарам і размаўляць з імі на роднай мове… ну ці хаця б спрабаваць.

Андрэй Вараб’ёў, скульптар

— Мову трэба пачынаць ратаваць з вярхоў, але сёння вярхі да гэтага не гатовыя. Яны робяць выгляд, нібыта разумеюць праблему, але насамрэч ім проста усё роўна. Інакш не зачыняліся б беларускія школы, і ўжо б вырасла цэлае пакаленне беларускамоўных дзяцей.

Сітуацыя з беларускай мовай — гэта трагедыя. Натуральна, беларусы мусяць ведаць рускую, а пажадана і польскую мову, бо гэта наша агульная гісторыя і традыцыя. Натуральна, не мае сэнсу чытаць Дастаеўскага па-беларуску. Алё адмовіцца ад беларускай мовы — гэта значыць адмовіцца ад уласнай культуры, неверагодна збядніць сябе, скрасці ў самога сябе вялікі кавалак уласнай душы.

Таццяна Красоўская, выкладчык замежных моў

— Мне падаецца, што многія не карыстаюцца мовай, бо проста не маюць прыкладу.

Даволі часта, калі я пачынаю размову па-беларуску з незнаёмымі людзьмі, першае што чую: «Размаўляй як усе». Але пасля, крыху прызвычаіўшыся, той чалавек нават перастае заўважаць на якой мове я размаўляю. Мы проста кантактуем. Атрымоўваецца, што вельмі шмат залежыць ад звычкі.

Я ж размаўляю па-беларуску па адной простай прычыне – бо люблю мову.

 

Сяргей Венідзіктаў, журналіст і выкладчык

— Каб існавала мова нацыі, сама нацыя павінна развівацца і праяўляцца нейкім чынам. Мы ж — змушана ці асэнсавана — развіваемся не зусім самастойна. Часта баімся заяўляць пра сябе, бо не выжылі псіхалогію «другасортнасці» і «местачковасці». Усё гэта адбіваецца на мове, на якой размаўляць сорамна і «невыгодна», бо невыгодна быць незразумелымі. Хутчэй, гэта адваротны бок нашай славутай «талерантнасці».

Да таго ж, беларусы паспелі заблытацца ў саміх сабе і ў сваіх каштоўнасцях. Пытанне «Хто ты гэткі» адназначнага адказу даўно не мае. Я ж размаўляю на мове, бо маю патрэбу быць беларусам. Не толькі па пашпарце. Менавіта беларуская мова дапамагае выказаць тое, што знаходзіцца па-за сэнсам слоў. Але лічу моўную сітуацыю у краіне цалкам натуральнай, мы маем зараз лагічнае адлюстраванне агульнага стану грамадскага развіцця. Ніякіх спецыяльных мер не трэба. Да мовы людзі звернуцца, калі звернуцца да саміх сябе.

 

Апытанка:

Gorad.by выйшай на вуліцы Магілёва і прапанавай гараджанам прайсці адмысловы тэст на разуменне «усяго каларыту» беларускай мовы. Было прапанавана перакласці 5 простых слоў.