Агульнанацыянальную дыктоўку ў Магілёве напішуць 3 сакавіка

Сёлета традыцыйную дыктоўку ў Беларусі пісалі 2 лютага. У Магілёве імпрэзу перанеслі амаль на месяц. Адной з прычын гэтага магло стаць адсутнасць прыдатнага памяшкання.

У Магілёве дыктоўка адбудзецца 3 сакавіка ў Палацы культуры вобласці. Пачатак у 12:00. Уваход вольны.

Дыктоўка стане часткай урачыстай імпрэзы, прысвечанай Міжнароднаму дню роднай мовы. Арганізатарамі вечарыны з’яўляецца клуб «Натхненне» і ТБМ імя Францішка Скарыны.

 

Магілёўцы будуць пісаць дыктоўку па тэкстах Максіма Гарэцкага

Магілёўцы будуць пісаць беларускую дыктоўку па адным з тэкстаў свайго земляка Максіма Гарэцкага. Наогул жа, сёлеташняя дыктоўка, якая прайшла па ўсёй краіне 2 лютага, была прысвечана 150-годдзю паўстання Кастуся Каліноўскага. У дзень народзінаў знакамітага паўстанца яе пісалі па тэкстах «Лістоў з-пад шыбеніцы». Тады ўдзел у акцыі прынялі ў тым ліку і вядомыя асобы: літаратары Уладзімір Арлоў і Сяргей Законнікаў, тэлевядучая Зінаіда Бандарэнка, палітык і пісьменнік Уладзімір Някляеў.

 

У Беларусі дыктоўка праходзіць шосты год запар

Па словах ініцыятара дыктоўкі-2013, філосафа Уладзіміра Падголы, «дзясяткі гадоў агульнанацыянальныя дыктоўкі пішуць палякі і літоўцы, пішуць грамадзяне іншых еўрапейскіх краін», паведамляе БелаПАН.

— Яны ўжо адстаялі сваю незалежнасць і пішуць дыктоўку салідарнасці са сваёй мовай, выяўляючы лепшага знаўцу. Для нас пакуль больш важна праявіць салідарнасць са сваімі нацыянальнымі героямі, — адзначыў філосаф.