«Фэст экскурсаводаў» пройдзе ў Магілёве: правесці экскурсію можа кожны

Арганізатары рэспубліканскай акцыі шукаюць актыўных людзей, якія займаюцца даследаваннем гісторыі свайго горада ці мястэчка, і якія хочуць правесці бясплатную экскурсію для ўсіх зацікаўленых.

«Фэст экскурсаводаў» — гэта шэраг бясплатных экскурсій па самых розных і цікавых кутках Беларусі, якія 20 — 21 красавіка правядуць экскурсаводы-валанцёры.

 

«Фэст экскурсаводаў» — цалкам некамерцыйная акцыя

— Мы звяртаемся да гісторыкаў, краязнаўцаў,  экскурсаводаў і проста неабыякавых людзей, якія могуць прапанаваць свае цікавыя пешаходныя маршруты і якім ёсць што распавесці іншым пра гісторыю свайго роднага горада ці мястэчка, — кажа Яўгенія Быц, адна з арганізатараў праекта. — Ад удзельнікаў патрэбна падрыхтаваць тэму і маршрут, а таксама ахвяраваць некалькімі гадзінамі ўласнага часу, каб падзяліцца сваімі ведамі з іншымі зацікаўленымі.  

 

Акцыя нарэшце дабралася да рэгіёнаў

«Фэст экскурсаводаў» узнік у 2009 годзе ў Мінску, дзе за два дні праводзіцца больш за 30 бясплатных экскурсій. Магілёў сёлета таксама прымае ўдзел ў акцыі, арганізатары ўжо маюць пэўныя дамоўленасці. Праўда, дакладны расклад экскурсій па Магілёве будзе апублікаваны пазней.

 — У свядомасці чалавека часта жыве ўпэўненасць, што жывучы на адным месцы досыць доўга, ўсё пра яго ведаеш і нічога цікавага побач няма, — кажа Яўгенія Быц. —  І менавіта ў гэтым хаваецца прычына занядбанасці шматлікіх гістарычных будынкаў. Адкрыць вочы мясцовым жыхарам — вось што можа паспрыяць захаванню і адраджэнню таго ці іншага помніка.

 

Асаблівасці «Фэсту экскурсаводаў-2013»

У гэтым годзе ў межах Фэста ў Мінску будуць распрацаваныя і праведзеныя экскурсіі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Арганізатары паспрабуюць раскрыць тэму, якую ў якасці «гадавой» прапанаваў міжнародны камітэт ICOMOS — ахова помнікаў адукацыі. Будуць праведзеныя некалькі экскурсій для маленькіх дзетак, а таксама распрацаваныя адмысловыя  маршруты для веласіпедных экскурсій.  

 

Як можна стаць удзельнікам «Фэсту экскурсаводаў»

Каб прыняць удзел у фесце, трэба патэлефанаваць ці напісаць арганізатарам і паведаміць пра сваё жаданне арганізаваць ці правесці экскурсію ў сваім горадзе. Заяўка будзе апублікавана ў агульным спісе экскурсій «Фэста экскурсаводаў» і размешчана на буйнейшых інтэрнэт-парталах і ў друкаваных СМІ.

Сувязь з арганізатарамі: fest@icomos.by, (029) 557-11-24 (Цімох), (033)341-36-12 (Яўгенія), (029) 896-97-85 (Валянціна).

Аргкамітэт «Фэста экскурсаводаў-2013»: ГА «Беларускі камітэт ІКАМОС», ГА «Беларуская асацыяцыя экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў», краязнаўчы клуб «Дыярыуш» (БДПУ імя М. Танка), інтэрнэт-партал «Holiday.by», турыстычная фірма «ТандэмТур».