Лепшы настаўнік Магілёўскай вобласці Юрась Каласоўскі — пра недахопы адукацыі, беларускую мову і заробкі настаўнікаў.
Юрась Каласоўскі выкладае беларускую мову і літаратуру ў магілёўскай гімназіі №1. Ён перамог ў абласным конкурсе «Настаўнік года-2013».
Па-за школай 32-х гадовы настаўнік — бацька дваіх дзяцей, марафонец-аматар і актыўны турыст.
Пра тое, як шматлікія захапленні дапамагаюць рэалізавацца прафесійна, высвятліў gorad.by.
За кошт чаго атрымалася перамагчы?
— Пры падрыхтоўцы я не абмяжаваўся рамкамі свайго прадмета. У выступ я інтэграваў усё, што люблю і чым займаюся па-за школай. Напрыклад, майстар-клас я параўнаў з марафонам: з вучнямі мы паступова пераадольвалі цяжкасці, а ў канцы атрымалі ўзнагароду — добраю адзнаку.
Яшчэ я вельмі люблю вандраваць. Падчас конкурснага міні-уроку мы нібыта пабывалі ў Рыме. Гэта эфектыўна, бо дзяцей трэба зацікавіць, паказаць, як веды звязаныя з практыкай. Мне падаецца, гэта і ацаніла журы конкурса.
А яшчэ Вы ўжываеце еўрапейскія педагагічныя методыкі?
— Дзякуючы інтэрнэт-супольнасці беларускіх настаўнікаў і веданню польскай мовы, я патрапіў на серыю семінараў у Польшчы. Там пазнаёміўся з тэхналогіяй актыўнай адзнакі. Сутнасць гэтай тэхналогіі у тым, што вучань з’яўляецца суб’ектам навучання, а не яго аб’ектам. Ён самастойна фармулюе мэту урока, разумеючы, чаго хоча дасягнуць. Сам вучань дапамагае распрацаваць крытэры адзнакі і самаацэнку. Вельмі важна, калі дзеці могуць ацаніць самі сябе ды іншых вучняў. Сёння адаптацыяй гэтай тэхналогіі да беларукіх умоваў займаюцца каля 60 настаўнікаў у Беларусі, у тым ліку і я.
Настаўнікі часта скардзяцца на ляноту ды незацікаўленасць сучасных вучняў?
— Настаўнік проста павінен зразумець, што сучасныя дзеці не дурнейшыя за іншых, яны проста іншыя. Яны менш чытаюць, але больш часу праводзяць у інтэрнэце. Яны тэхналагічна развітыя. Таму, каб знайсці агульную мову з імі, настаўнік таксама мусіць быць сучасным. Трэба зразумець іх патрэбы і цікаўнасці, толькі ў гэтым выпадку вучні будуць давяраць і паважаць.
Заробка настаўніка на жыццё хапае?
— На дадзеным этапе мяне усё задавальняе. Трэба разумець, што аплата працы у гімназіі напрамую залежыць ад таго, наколькі эфектыўна працуе настаўнік, ці ўдзельнічае ён ў конкурсах, ці займаюць яго вучні прызавыя месцы на алімпіядах.
Напрыклад, два настаўнікі, якія працуюць поруч, могуць зарабляць вельмі розныя заробкі. Прынамсі я, маючы сям’ю і дваіх дзетак, пакуль адчуваю сябе досыць упэўнена. Тыя людзі якія ідуць у прафесію, павінны разумець, што вельмі многа залежыць ад іх саміх. Узровень адукацыі, актыўнасць і развітасць асобы наўпрост уплывае на ўмовы працы, заробак і стаўленне да цябе кіраўніцтва.
Ваша беларускамоўнасць — гэта адбітак прафесіі ці прынцыповая пазіцыя?
— Я размаўляю па-беларуску заўсёды, мая старонка ў сацсетках — па-беларуску, наладкі ў тэлефоне — таксама. Калі дзеці бачаць, што я рэальна так жыву, а не гуляюся, не хлушу ім — прэстыж мовы ў іх вачах узрастае. На маім прыкладзе яны разумеюць , што беларуская мова — гэта не проста словы ў падручніку. Наогул, дзеці дакладна адчуваюць любую няшчырасць і не даруюць гэтага. А давер і павага вучняў — тое, без чаго праца настаўніка проста немагчымая.
Сёння мы маем сітуацыю, калі пры фармальным двухмоўі дзяржава не падтрымлівае беларускую мову. Я гэта разумею, і разумею, што паўплываць на сітуацыю глабальна не магу. Але як асобны настаўнік я магу, напрыклад, не быць беларускамоўным толькі падчас уроку.
Чаго на Ваш погляд бракуе цяперашняй школьнай адукацыі?
— Разумення таго, што школа павінна яшчэ і выхоўваць. Крыніцаў атрымання інфармацыі сёння вельмі шмат. А задача школы яшчэ і ў тым, каб навучыць адрозніваць добрае ад дрэннага, выхаваць асобу, здольную мысліць і прымаць рашэнні, выхаваць грамадзяніна сваёй краіны. Нажаль, я не магу зрабіць так, каб на філалагічны факультэт паступалі толькі самыя найлепшыя выпускнікі. Але я магу зрабіць, каб мае вучні былі адукаваныя. Напрыклад, мы неаднаразова ўдзельнічалі конкурсе «Што я ведаю пра Еўропу?». З вучнямі ездзілі на фінал у Вільню. Дзякуючы гэтаму дзеці становяцца еўрапейска арыентаванымі і пры гэтым набываюць беларускую свядомасць. І гэта тое, што залежыць ад мяне, проста трэба ісці ад малога да вялікага, а не наадварот.
Навошта Вы удзельнічалі ў конкурсе?
— Гэта было для мяне асаблівым марафонам. Усё пачалося яшчэ ў студзені, адміністрацыя гімназіі прапанавала — і я пагадзіўся. Спачатку быў гарадскі этап «Настаўніка года». Нечакана для сябе самога я перамог. Лагічным працягам стаў абласны конкурс. Тут усё было больш складана: некалькі тыдняў падрыхтоўкі, тры бяссонныя ночы, тры напружаныя дні перад фіналам. Але гэта таго каштавала. Справа ў тым, што па натуры я авантурыст. Люблю нечаканыя павароты лёсу, складанасці. А тут сапраўднае выпрабаванне, магчымасць пасупернічаць з самымі таленавітымі педагогамі вобласці, пабачыць іх майстэрства. У прафесійным сэнсе гэта выдатны імпульс.