Пад Магілёвам знеслі будынак XIX стагоддзя (фота)

Паштовая станцыя «Вільчыцы» мела гістарычную каштоўнасць, але не мела афіцыйнага статусу.

Паштовая станцыя «Вільчыцы» у вёсцы Навасёлкі была пабудавана ў сярэдзіне XIX стагоддзя, але статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці не мела. Будынак станцыі зруйнавалі яшчэ 25 траўня. Флігель і агароджа пакуль стаяць.

 

Будынак быў каштоўны, але не меў афіцыйнага статусу

— З пункту гледжання закона, тут нічога не парушана. Нажаль, гэты прыгожы будынак не меў статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці. А чыноўніку, які прымае рашэнне аб зносе, усё роўна, якое гэта стагоддзе. Ён кіруецца выключна законам, — распавядае gorad.by старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч.

— У тым, што гістарычны будынак знеслі вінаватая сама грамадскасць, — лічыць Антон Астаповіч. — Закон дазваляе юрыдычным і фізічным асобам выносіць прапановы аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Нажаль, у адносінах да станцыі ў Навасёлках, гэтага своечасова не зрабілі.

Па словах Астаповіча, 8 гадоў таму будынак знаходзіўся ў добрым стане. Прычыны зносу пакуль не вядомыя.

— Станцыя месцілася на колішнім паштовым тракце Масква-Брэст-Варшава. Тут знаходзілася адміністрацыйны і гаспадарчы будынкі, невялікі гатэль. Такія станцыі будаваліся праз кожныя 30-40 кіламетраў, яны з’яўляліся апорнымі кропкамі паштовага ведамства, што забяспечвалі бесперапынную перапраўку грузаў.