Адкуль ў тралейбусах Магілёва з’явіліся вершы?

Лісткі з вершамі сучасных паэтаў будуць вісець яшчэ 2-3 тыдні на ўсіх тралейбусных маршрутах горада.

Ідэю размясціць вершы ў тралейбусах прапанавалі на конкурсе «Кірмаш праектаў».

Развейваць дарожную нуду і адначасова адукоўваць гараджан ўзяліся гарвыканкам і кампанія «Будзьма беларусамі!».

 

Паэту-магілёўцу належаць чатыры вершы з дзесяці

У літаратурнай падшыўцы — каля 10 вершаў шасці беларускіх паэтаў, сярод якіх адзін магілёвец Сяргей Украінка. Чатыры яго вершы «гастралююць» па Магілёве.

Верш Сяргея Украінкі сустрэўся ў тралейбусе на маршруце №2

Верш Сяргея Украінкі сустрэўся ў тралейбусе на маршруце №2

— Большасць вершаў — пра каханне і мову, — распавядае выкладчык МДУ імя Куляшова Аляксандр Агееў, ён выбіраў вершы для гараджан.

 

Магілёўскія паэты могуць прыняць удзел у праекце

У планах арганізатараў яшчэ тры этапы праекта. У наступным этапе змогуць паўдзельнічаць магілёўскія паэты, якіх ужо ведаюць у літаратурных колах, а таксама тыя, хто яшчэ не паспеў заявіць пра сябе, распавядае gorad.by адзін з арганізатараў праекта Юрый Стукалаў. Для ўдзелу трэба выслаць свае творы на пошту budzma.mogilev@gmail.com.

 

Не ўсе пасажыры могуць пабачыць вершы

Усе пасажыры тралейбуса не змогуць прачытаць вершы, таму што вісіць адзін лісток на ўвесь тралейбус і прачытаць яго з любой кропкі не атрымаецца. Верш могуць загарадзіць або проста не заўважыць, бо магілёўцы ўжо прывыклі да рэкламы ў тралейбусах.

Дарэчы, хоць на ўлётках стаіць штамп «Рэклама», але «Гарэлектратранспарт» грошай за пракат улётак не ўзяў, таму што вершы ў тралейбусах — сацыяльная рэклама.

 

Паэзію ў тралейбусах, магчыма, можна будзе яшчэ і пачуць

Каб данесці вершы да большай колькасці людзей, разглядаецца варыянт агучкі вершаў на наступных этапах.

— Таксама мы чакаем прапаноў па паляпшэнні праекта ад магілёўцаў і будзем сачыць за водгукамі гараджан на сайтах і форумах, — кажа Юрый Стукалаў.

 

Адзін з вершаў, які можна пабачыць у тралейбусах:

«Дзе адшукаць замову»

Ад абыякавасці да мовы?

Не да нямецкай,

Не да французскай –

Да сваёй,

Беларускай.

Стагоддзямі гнутай,

Чужынцамі моранай,

Пакутнай,

Магутнай,

Няскоранай…

Дзе адшукаць замову,

Каб – насцеж людскія душы,

Каб словы, як птушкі,

У чыстае неба ўпіліся

І праліліся вадою гаючай

Над Мінскам,

Над Брэстам,

Над Любчай?

Дзе адшукаць замову,

Каб нават дзед мой,

Бязмоўны,

«Путам падперазаны»,

Рукамі змазоленымі

Паказаў нам:

«Я задаволены!..»

Дзе адшукаць замову?..

Сяргей Украінка

 



Таксама чытаюць па тэме

Што казалі беларускія славутыя класікі аб роднай мове

Пры якіх умовах беларус загаворыць па-беларуску?

За какие заслуги Могилёв объявили культурной столицей Беларуси на 2013 год?