У Магілёве вучаць гатаваць бульбяныя клёцкі і варыць піва

Музей этнаграфіі 5 і 6 снежня ладзіць мерапрыемствы, прысвечаныя сакрэтам традыцыйнай кухні вобласці.

У першы дзень жадаючыя даведаліся пра старажытныя рэцэпты і нават пакаштавалі стравы. Прадстаўнікі ўсіх раёнаў вобласці прапанавалі на суд журы па 5 страваў. Галоўная ўмова адбору — яны павінны быць традыцыйнымі для пэўнага рэгіёна.

Другі дзень канферэнцыі будзе прысвечаны тэорыі. З 10:00 да 15:00 з дакладамі выступяць гісторыкі, этнографы, супрацоўнікі музеяў і проста аматары народных традыцый. Уваход вольны. Музей этнаграфіі знаходзіцца па адрасе: Першамайская, 8.

Па выніках канферэнцыі выдадуць зборнік.

 

Рэцэпты перадаваліся з пакалення ў пакаленне

— У нас заўсёды самымі папулярнымі былі стравы з бульбы, — распавядае прадстаўніца Круглянскага раёна. — У маёй сям’і і сёння прынамсі раз на месяц на стале ёсць дранікі з мачанкай. Дзеці вельмі любяць! Гэтаму рэцэпту мяне навучыла мая свякроў, а яе вучыла яе маці.

Спадарыня правяла для gorad.by невялікі майстар-клас.

— Галоўны сакрэт прыгатавання любой стравы – добры настрой, — запэўніла жанчына. — Гатаваць трэба з усмешкай і добрымі думкамі, тады нават самая простая страва атрымаецца надзвычай смачнай.  

Мачанка

Патрэбна: свіны тлушч, самаробная каўбаса (альбо мяса), цыбуля, мука, вада, соль, перац, смятана.

Як гатаваць: дробна нарэзаць каўбасу і цыбулю. Падсмажыць іх на тлушчы ў глыбокай патэльні. Узяць 2 стаканы халоднай вады і развесці ў іх 3-4 сталовыя лыжкі мукі. Атрыманую масу дадаць ў патэльню з каўбасой. Дадаць соль і перац. Перамяшаць і накрыць патэльню накрыўкай. На невялікім агні трымаць 15-20 хвілін. Перыядычна перамешваць. Зняць з агню і дадаць некалькі лыжак смятаны. Перамяшаць. Есці мачанку трэба з блінамі альбо дранікамі.


Бабка

Патрэбна: бульба, сала, мяса, цыбуля, соль, перац.

Як гатаваць: дробна нарэзаць сала і мяса. Падсмажыць іх на свіным тлушчы ў патэльні разам з цыбуляй. Нацерці  бульбу. Бульбу, сала і мяса перамяшаць і пакласці ў чугунок (керамічны гаршчочак). Паставіць у печ (духоўку) на 30-40 хвілін пакуль не з’явіцца залацістая корачка.


Бульбяныя клёцкі

Патрэбна: бульба, мука, яйкі, соль, перац.

Як гатаваць: бульбу трэба пацерці на дробнай драчцы. Дадаць соль, перац, 2 яйкі і муку. Муку дадаваць паступова. Цеста павінна атрымацца вельмі густым. З яго зрабіць невялікія камячкі. Атрыманыя клёцкі закінуць у падсолены кіпень. Варыць 5-10 хвілін. Клёцкі ядуць са смятанай, маслам альбо смажаным салам.


Як зварыць піва

Спатрэбіцца: 8 літраў вады, кілаграм ячменю, 200 грамаў хмелю. Паўкілаграма цукру.

Спачатку трэба прарасціць ячмень, высушыць яго і падсмажыць на патэльні. Патаўчы ячмень у ступе, атрыманы парашок заліць кіпнем. Запарыць кіпнем хмель. Потым дадаць хмель у ячмень. Дадаць цукар. Закрыць накрыўкай і паставіць ў цёплае месца на 5-7 дзён. Потым працадзіць — і піва гатова.

  • Стравы з бульбы адныя з самых папулярных. Асабліва любяць на Магілёўшчыне дранікі, бабку, бульбяныя клёцкіСтравы з бульбы адныя з самых папулярных. Асабліва любяць на Магілёўшчыне дранікі, бабку, бульбяныя клёцкі
  • Даўней бліны былі абрадавай ежай, іх абавязкова пяклі на Каляды, Дзяды ды ВялікдзеньДаўней бліны былі абрадавай ежай, іх абавязкова пяклі на Каляды, Дзяды ды Вялікдзень
  • Хлеб пяклі на спецыяльнай рошчынеХлеб пяклі на спецыяльнай рошчыне
  • Падчас пастоў фасоля была вельмі папулярнай стравайПадчас пастоў фасоля была вельмі папулярнай стравай
  • Мачанку звычайна елі з блінамі альбо бульбайМачанку звычайна елі з блінамі альбо бульбай