Па словах магілёўцаў, беларускую мову можна пачуць толькі ў навучальных установах ды па радыё.
Выкарыстоўваць жа яе ў побыце складана, бо амаль ўсе размаўляюць па-руску.
Для некаторых беларуская мова, што помнік гісторыі, які варты толькі памяці, але не паўнавартаснага жыцця.
Адны цешацца, калі чуюць беларускамоўных маладзёнаў на вуліцы і гатовыя браць з іх прыклад , іншыя асцерагаюцца, што прыйдзецца вучыць мову сілком.
Пры гэтым, амаль усе апытаныя на вуліцы жыхары Магілёва зазначылі, што мову сваю яны любяць, хоць і амаль не ведаюць:
Магілёўцы пісалі па-беларуску за цукеркі
У Міжнародны дзень роднай мовы 21 лютага людзі з цукеркамі на вуліцах спакушалі магілёўцаў салодкім, патрабуючы напісаць любімае або першае, якое прыходзіць на розум, слова на беларускай мове. За гэта давалі гасцінец – цукеркі.
Валанцёры раздалі 21 кілаграм цукерак і назбіралі ў людзей на вуліцах 1 101 слова па-беларуску. Сярод таго, што пісалі гараджане – 10 вершаў класікаў, песень ды ўласных твораў і больш за 50 віншаванняў, падзяк і думак.
Сярод валанцёраў – прадстаўнік gorad.by, які напісаў наступны артыкул толькі тымі словамі, якімі магілёўцы падзяліліся на вуліцах (акрамя лічэбнікаў і ўласных імёнаў):
Беларускія словы пішуць і беларусы, і рускія, і туркмены
З хваляваннем гляджу на людзей, што на вуліцы і шукаю, да каго б падысці. Віншаваць магілёўцаў з днём роднай мовы – справа не для абібока, бо ў мяне ўжо тры непаспяховыя спробы запісаць першае слова на чыстай паперы. На пытанне «Вы любіце цукеркі?» можна пачуць чаканыя адказы: «Не, ад цукерак зубкі баляць», «Спяшаюся». А можна зусім нечаканыя, як патэльняй па патыліцы: «Цукеркі мы не любім, мы любім гарэлку», «Евромайдан»?!
Але з большага людзі любяць цукеркі і праз секунду пакідаюць досыць словаў у сшытку. Вось бабуля перайшла з рускай на беларускую і кажа зусім без памылак. Яна піша слова «бязглуздзіца», а яшчэ ганарыцца сваёй пяцёркай па беларускай мове ў дзённіку. Блакітнавокая дзяўчынка піша «Папялушка», а сяброўка ёй дапамагае: «Пішы з вялікай літары». Хлопчык памятае ўсе месяцы па-беларуску, другі – дні тыдня. Туркмен асцярожна і марудна выводзіць слова «адукацыя», а рускі – слова «файна».
Нечакана жанчына вымаўляе уласны верш:
Я жыву ў беларускай краіне
і мне мілы куточак адзіны,
дзе пад восень той крык жураўліны,
дзе ў чыстае неба глядзім мы.
Ад людзей чуліся назвы кінатэатраў, крам, напрыклад, «Чырвоная зорка», «Добрыя лекі», тройчы ўзгадалі вершы Янкі Купалы «Спадчына» і шэсць разоў радкі з верша Якуба Коласа «Мой родны кут, як ты мне мілы». Памятаюць людзі і ўрыўкі з гімна Беларусі — «адданыя шчыра сябруем», «вечна жыві і квітней Беларусь» і іншых песень.
Калi раптам адчуеш камунальныя пахi,
I жыцце цябе возьме ў пятлю.
Зразумееш тады, што тры чарапахi
Па-ранейшаму цягнуць зямлю.
(NRM «Тры чарапахі»)
Мне так самотна па начах. Усе думкі аб адным i тым жа.
Я патануў у тваiх вачах. I мне ніколi не стаць iншым.
Ты, ты, ты ў маiм целе, ты, ты, ты ў маiм сэрцы.
Ты, ты, ты адчынiла мне да щчасця дзверцы.
(Дзмітрый Галавач «Тваё маё сэрца»)
Пісалі пра каханне: «Я кахаю Міхаіла», «Я кахаю свайго мужа», «Я вас кахаю! Добра?».
У сшытках знайшліся думкі пра грамадскае жыццё і прыроду: «Будзьце паслухмянымі грамадзянамі», «Абы не было вайны»,»Жыве Беларусь», «Жыццё і Радзіма — два найлепшыя для ўспрымання словы» ,»Пачастуй птушак узімку», «Вожыкі — файныя звяры».
Уласны верш напісаў паэт Мікола Яцкоў:
Святы Айцец сказаў: «Ня бойцеся!»-
І страхі некуды падзеліся.
Рассыпаў золата над восенню
Неўтаймаваны, звонкі верасень.
І трэба жыць… А за кастрычнікам
Вачэй бяздонне лістападавых.
І нам даводзіцца па звычаю
Усё на потым зноў адкладваць.
І ў снежань несці сэрцы босыя,
І помніць тое, з чым сустрэліся, —
Як нам Айцец сказаў: «Ня бойцеся!»
І страхі некуды падзеліся.
Пажаданні і словы падзякі былі аднымі з першых па колькасці: «Віншуем са святам! Цудоўнага Вам настрою!», «Віншую з вясной», «Вялікі дзякуй вам за цукеркі», «Дзякую за тое, што ёсць Беларусь», «Жадаем Вам здароўя, поспехаў і найлепшых пажаданняў», «Найлепшыя пажаданні моладзі ў дзень беларускай мовы! Кахайце Радзіму», «Усім шчасця!», «Я люблю цукеркі, але больш за ўсё Беларусь!».
Хай стане жыць на свеце весялей,
І будзе зорным кожнае імгненне.
Хай будзе на душы цяплей, святлей.
Прыміце маю творцасць і натхненне.