Гарадская камісія па тапаніміцы прапанавала назвы 14 вуліц і завулкаў для раёнаў новабудоўляў.
Калі гарвыканкам прыме адпаведнае рашэнне, у Магілёве з’явяцца вуліцы Спірыдона Собаля, Льва Сапегі, Грунвальдская, — паведамляе mycity.by.
Каб увекавечыць памяць
Сябры Камісіі па тапаніміцы і ўвекавечванню гістарычнай спадчыны Магілёва прапанавалі імёны васьмі гістарычных і культурных дзеячаў краіны. Сярод іх – браты Гарэцкія, Леў Сапега, Еўфрасіння Полацкая, Цішка Гартны.
У гонар славутых магілёўцаў
Не абыйшлі ўвагай сябры камісіі і выбітных асобаў, якія мелі непасрэднае дачыненне да горада. Сярод іх – Спірыдон Собаль, які надрукаваў у Магілёве свой «Псалтыр» ды іншыя кнігі. Аркадзь Смоліч, дзеяч беларускага нацыянальнага адраджэння і вучоны, які нарадзіўся ў нашым горадзе.
Таксама вырашана ўвекавечыць памяць Мікалая Гартынскага, які збудаваў «Дом калек» і пераклаў з польскай мовы «Хроніку Магілёўскую». Магчыма, з’явіцца ў горадзе і вуліца Дэмбавецкага, былога кіраўніка Магілёўскай губерніі, рэдактара працы «Вопыт апісання Магілёўскай губерніі».