У Казіміраўцы знойдзены чалавечыя рэшткі

Казіміраўскі лесапарк — гэта месца растрэлаў людзей ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Аднак пра гэта мала хто ведае з магіляўчан.

Знайсці лес проста: па Мінскай шашы паварот направа ў АЗС №6 і праз 200-300 метраў будзе бачны лесапарк.

І вось у гэтым лесе вайскоўцы 52-ога спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны паднялі рэшткі 58 мірных жыхароў, якія былі тут забітыя.

Яны будуць урачыста перазахаваныя. Дзе? Вырашыць адмысловая камісія па ўвекавечанні памяці пры Магілёўскім гарвыканкаме, піша sb.by.

Памяць засталася

Нягледзячы на тое, што фашысты імкнуліся не пакідаць сведкаў, памяць пра злачынствы засталася ў народзе. Адна з мясцовых жыхарак – Анастасія Пракоп’ева – указала дакладнае месца расстрэлаў.

Пры жыцці яна шмат разоў казала, што ўся пустка была адной вялікай магілай.

Што было і што ёсць

Па афіцыйнай статыстыцы ў вёсках Казіміраўка, Пашкава і Палыкавічы немцы забілі каля 10-ці тысяч чалавек.

Зараз гэтыя тэрыторыі можна назваць гарадскімі і ўключанымі ў актыўнае жыццё. Там людзі гуляюць, ездзяць на транспарце, будуюць дамы, таксама навучаюцца студэнты (у мікрараёне Казіміраўка знаходзіцца адзін з карпусоў Беларуска-Расійскага ўніверсітэта) і школьнікі — гэта адбываецца, літаральна, на костках…

Пошукі працягнуцца

Вайскоўцы будуць працягваць пошукі прыблізна да 31 кастрычніка 2011 года. Адпаведнае рашэнне ўжо прынята Магілёўскім гарадскім выканаўчым камітэтам. Створана таксама камісія для прыняцця рашэння па выніках пошукавых прац. Узначаліў камісію намеснік старшыні гарвыканкама Ігар Шардыка.