Статут ВКЛ застанецца ў Магілёве. Як яго будуць захоўваць?

Адзіны ў Беларусі Статут ВКЛ будзе захоўвацца ў Магілёве. Каштоўнасць, выкупленую за 45 тысяч долараў, прэзентавалі ў Ратушы.

Перадгісторыя

Месяц таму Статут ВКЛ 1588 года быў выстаўлены на электронны аўкцыён антыкварам з Масквы. Асобнік быў ацэнены ў 45 тысяч долараў. З прапановы студэнта БДУ Андрэя Радкова, музей гісторыі Магілёва абвясціў дабрачынную акцыю па зборы сродкаў для выкупу. Частку грошай сабралі ахвярадаўцы з розных рэгіёнаў краіны, а рэшту сумы — 30 тысяч долараў — падаравала маскоўская кампанія «Альпары».

Па словах дырэктара музея ў Ратушы Аляксея Бацюкова, гэтыя грошы знайшліся дзякуючы пратэкцыі спадара Валера Казакова, пісьменніка, палітычнага і грамадскага дзеяча Расіі, які паходзіць з Магілёўшчыны.

Статут застаецца ў Магілёве

У планах - стварэнне электроннай версіі дакумента, якая будзе ў вольным карыстанні. На пачатак ліпеня запланавана яшчэ адна, больш урачыстая, прэзентацыя Статута

У планах — стварэнне электроннай версіі дакумента, якая будзе ў вольным карыстанні. На пачатак ліпеня запланавана яшчэ адна, больш урачыстая, прэзентацыя Статута

Выкуплены Статут знаходзіцца не ў самым лепшым стане. У дакуменце адсутнічаюць першыя 16 аркушаў. Таксама, замененая вокладка, якая датуецца сярэдзінай 19 стагоддзя. Па словах эксперта Зміцера Яцкевіча, не гледзячы на шматлікія дэфекты, сапраўднасць Статута не выклікае сумневаў. Было праведзена дзве экспертызы.

Каштоўнасць будзе захоўвацца ў адмысловай вітрыне з сістэмай клімат-кантроля. Зараз набываецца абсталяванне і распрацоўваецца сістэма аховы.


У чым выбітнасць падзеі?

У свеце налічваецца каля 60 асобнікаў усіх трох выданняў Статута. Да гэтага часу ў Беларусі не было ніводнага экзэмпляра. Прыватнымі асобамі і дзяржаўнымі структурамі неаднаразова і беспаспяхова рабіліся спробы выкупіць каштоўнасць.

 

Чым адметны Статут 1588 года

Статут ВКЛ - найвышэйшае дасягненне старабеларускай прававой думкі, аснова ўсёй юрыдычнай сістэмы ВКЛ. Статут з'яўляецца помнікам вышэйшага культурнага значэння

Статут ВКЛ — найвышэйшае дасягненне старабеларускай прававой думкі, аснова ўсёй юрыдычнай сістэмы ВКЛ. Статут з’яўляецца помнікам вышэйшага культурнага значэння

Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года ігнараваў акт Люблінскай уніі (яднання ВКЛ і Карона Польскай) і замацоўваў незалежнасць Княства. Ён абавязваў урад вярнуць адрынутыя ад ВКЛ зямлі і захоўваў адасобленасць дзяржавы. Статут ВКЛ 1588 г. складаўся з 14 частак і 488 артыкулаў. У ім знайшла адлюстраванне тэорыя падзелу ўлады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Ва ўступе Леў Сапега сфармуляваў галоўную ідэю прававой дзяржавы — падначаленне ўсіх адзінаму праву.

III Статут ВКЛ складзены на старабеларускай мове, а першы артыкул IV часткі вызначала дзяржаўны статут старабеларускай мовы. Пасля смерці Стэфана Баторыя новы кандыдат на трон Рэчы паспалітыя швецкі прынц Жыгімонт Ваза жадаў заручыцца падтрымкай на сойме прадстаўнікоў ВКЛ, таму ён пагадзіўся зацвердзіць дакумент. На беларускіх землях Статут 1588 года як збор законаў дзейнічаў аж да 1840 году.