Статут ВКЛ застанецца ў Магілёве: цяпер яго можа ўбачыць кожны

Музей гісторыі Магілёва, нарэшце, прэзентаваў гараджанам статут ВКЛ, выкуплены месяц таму намаганнямі грамадскасці. Цяпер каштоўнасць будзе знаходзіцца ў сталай экспазіцыі музея.

У магілёўскай Ратушы, нарэшце, прэзентавалі Статут ВКЛ. Мерапрыемства прайшло досыць сціпла. У Ратушы сабралася некалькі дзесяткаў чалавек. На імпрэзу прыехаў ініцыятар акцыі па выкупу каштоўнасці, студэнт гістарычнага факультэту БДУ Андрэй Радкоў. На пытанні прысутных таксама адказвалі эксперт па старадруках Нацыянальнага гістарычнага архіва Зміцер Яцкевіч і прадстаўнік кампаніі «Alpari» у Беларусі Аляксандр Сабодзін. Дарэчы, менавіта маскоўская кампанія «Alpari» ахвяравала 30 000 долараў для набыцця Статута.

Каштоўнасць застанецца ў Магілёве

Нагадаем, што месяц таму Статут ВКЛ 1588 года быў выкуплены намаганнямі грамадскасці за 45 000 долараў ў прыватнага калекцыянера з Масквы. Па словах дырэктара Музея ў Ратушы Аляксея Бацюкова, адзіны ў краіне экзэмпляр Статута ВКЛ цяпер застанецца ў нашым горадзе. Ён будзе знаходзіцца ў экспазіцыі Музея гісторыі Магілёва. Для захоўвання каштоўнасці пад замову зроблена вітрына з сігналізацыяй і сістэмай клімат-кантролю. Шырокае кола зможа пазнаёміцца з фотакопіяй дакумента, якая  хутка з’явіцца на сайце музея.

Выкупляць каштоўнасці будуць і далей: просяць быць неабыякавымі

Выкуп каштоўных экспанатаў Музей гісторыі Магілёва будзе здзейсняць і далей. Па словах Аляксея Бацюкова, фінансавыя магчымасці ўстановы досыць абмежаваныя, таму музей вымушаны прасіць дапамогі ў грамадскасці і ў будучым. Каб заахвоціць гараджан далучацца да акцый па збору грошаў музейшчыкі ўжо запланаваны шэраг акцый: прадпрымальнікам горада прапануюць рэкламныя плошчы на будынку Ратушы, а напрыканцы верасня адбудзецца дабрачынны канцэрт зорак беларускай эстрады. Атрыманыя грошы  пойдуць на набыццё кнігі «Вялікае мастацтва артылерыі» Казіміра Семяновіча.

Нагадаем, што акцыя па выкупу гэтага рарытэту пачалася яшчэ ў ліпені, і на сёння Музей гісторыі Магілёва сабраў толькі траціну ад патрэбных 15 000 еўра. Першапачаткова тэрмін для збору неабходнай суммы быў вызначаны да канца лета. Але прадавец згадзіўся падоўжыць яго яшчэ на месяц.