У лістападзе 2012 года быў аб’яўлены конкурс культурніцкіх праектаў для гадавой праграмы «Магілёў — культурная сталіца СНД і Беларусі-2013». Пазнаёміцца з лепшымі ідэямі магілёўцаў можна будзе ўжо 25 студзеня.
Конкурс праектаў ініцыяваны аддзелам культуры Магілёўскага гарвыканкама і грамадскай культурніцкай кампаніяй «Будзьма беларусамі».
Свае ідэі па паляпшэнні культурнага жыцця Магілёва мог прапанаваць кожны жыхар горада. Цягам двух месяцаў прымаліся заяўкі. У выніку каардынатары праекта – прадстаўнікі кампаніі «Будзьма беларусамі!» – ўзрадаваныя. Па іх словах, прапанаваць гораду сапраўды ёсць што, і абсалютна кожная прапанаваная ідэя вартая ўвагі.
Кожны праект ацэніць адмысловае журы
На «Кірмашы праектаў» прапанаваныя ідэі будзе разглядаць адмысловая публіка: дзеячы культуры, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Арганізатары запрашаюць да абмеркавання таксама неабыякавых да культурнага жыцця роднага горада прадстаўнікоў бізнэса, турызму і адукацыі, журналістаў. У жадаючых прысутнічаць на «Кірмашы праектаў» ёсць шанец трапіць туды праз папярэднюю анлайн рэгістрацыю. Пры наяўнасці вольных месцаў арганізатары пацвердзяць Ваш удзел да 24 студзеня.
Дзе пройдзе «Кірмаш праектаў» і як на яго патрапіць
Імпрэза пройдзе 25 студзеня ў будынку магілёўскага «Тэхнапарку» (вуліца Ленінская, 63, аўдыторыя 807), пачатак ў 18:00.
Каб патрапіць на «Кірмаш праектаў» трэба папярэдне патэлефанаваць па нумары: (029) 279-63-39 (МТС), альбо звязацца з арганізатарамі па Skype: kateromanchik.
Ссылки по теме: