Гадавіну атрымання Магілёвам Магдэбургскага права адзначалі 30 чалавек

У Магілёве адбылася святочная вечарына з нагоды 436-й гадавіны атрымання горадам Магдэбургскага права. Гасцямі святочнай імпрэзы сталі некалькі дзесяткаў чалавек, а яе арганізатарам выступіў «Грамадскі магістрат».  

Спецыяльным госцем імпрэзы стаў спявак Зміцер Вайцюшкевіч, які павіншаваўшы ўсіх магілёўцаў са святам, адыграў гадзінны канцэрт.

 

Чалавек года — альтэрнатыўнае меркаванне

Напярэдадні святкавання «Грамадскі магістрат» абраў сваіх кандыдатаў на званне «Чалавек 2012 года» і «Падзея 2012 года» у Магілёве. У выніку, у першай намінацыі перамог праваабаронца Барыс Бухель. «Падзеяй года», па меркаванні «Грамадскага магістрата», стала набыццё Музеем гісторыі Магілёва Статута ВКЛ. Грамату і каштоўны падарунак атрымаў дырэктар установы Аляксей Бацюкоў.

 

Дзень атрымання Магдэбургскага права мусіць стаць гарадскім святам

Па словах кіраўніка грамадскай ініцыятывы «Грамадскі магістрат» Аляксандра Сілкова, атрыманне Магілёвам Магдэбургскага права — адна з найважнейшых падзеяў у нашай гісторыі. Менавіта пасля гэтага Магілёў стаў горадам, і гэты дзень проста павінны быць святам.

 

Што такое «Грамадскі Магістрат»

«Грамадскі Магістрат» — гэта ініцыятыва жыхароў горада, неабыякавых да яго лёсу, у 2009 годзе дэкларацыю аб утварэнні якой падпісала 20 чалавек — прадстаўнікі інтэлектуальных колаў (выкладчыкі, навукоўцы), эксперты ў розных сферах і вядомыя грамадскія дзеячы.

Сёння гэта пляцоўка для тых, хто можа нешта зрабіць карыснага. Мэты існавання Магістрата – актывізацыя грамадскасці Магілёва праз падтрымку мясцовых ініцыятываў, падвышэнне ролі грамадзян і супольнасцяў у працэсе прыняцця рашэнняў уладамі.

Дзейнасць «Грамадскага Магістрата»:

  • праца з мясцовымі супольнасцямі, дапамога ў станаўленні і ўмацаванні дзейных лакальных супольнасцяў.
  • праграма «Незалежны экспертны камітэт» — аналіз існуючага становішча, актуальных праблем, абмеркаванне і выпрацоўка магчымых варыянтаў іх рашэння, стварэнне шэрагу альтэрнатыўных прапаноў у галіне сацыяльна-эканамічнага развіцця горада Магілёва; папулярызацыя ідэй развіцця мясцовага самакіравання, грамадскага ўдзелу і грамадзянскага кантролю;
  • праграма «Народны дэпутат» — праца з лідэрамі. Гэта праграма, якая накіравана на працу з тымі, што праявілі сябе падчас апошніх выбараў у мясцовыя саветы і парламент. Яе мэтай з’яўляецца дапамога ў рэалізацыі свайго патэнцыялу былым дэмакратычным кандыдатам у дэпутаты ў вырашэнні праблем іх акругоў.