Магілёўскі скульптар жадае падарыць гораду помнік закаханым

Скульптар Андрэй Вараб’ёў прапануе ўсталяваць ў Магілёве помнік закаханым, зрабіўшы яго ў якасці падарунка жыхарам «Культурнай сталіцы СНД- 2013».

Зараз паменшаная копія бронзавай скульптуры знаходзіцца ў майстэрні , а мастак тым часам вядзе перамовы з гарадскімі чыноўнікамі і шукае грошы на ўвасабленне сваёй ідэі.

Gorad.by паразмаўляў з вядомым скульптарам Андрэем Вараб’ёвым пра тое, якое месца «Закаханыя» могуць заняць у Магілёве, а таксама пра тое, якое месца гарадское мастацтва мусіць займаць ў жыцці «Культурнай сталіцы».

 

Скульптура стане сімвалам шчаслівага кахання

— Гэтая скульптура здольная ператварыць пэўны куток Магілёва ў кропку-прыцягненне моладзі. Прынамсі, я вельмі на гэта спадзяюся, — кажа Андрэй Вараб’ёў.

— Любое мастацтва, і скульптура ў прыватнасці — гэта заўсёды магія, пэўная энергетыка. Да таго ж, сам матэрыял магічны, людзі чамусьці цягнуцца да бронзы, яна выглядае цёплай, да яе хочацца дакрануцца. Вось і месца для яе павінна быць адпаведнае, камернае, ціхае. Уласна мне  бачыцца такім месцам гістарычны цэнтр горада, напрыклад, пляцоўка паміж філармоніяй і музеям этнаграфіі, альбо тэатральны сквер. У Магілёве вельмі шмат месцаў, нажаль, ці на шчасце, ставіць можна ўсюды і горад ад гэтага не перанасыціцца, прынамсі, ў бліжэйшыя 100 год.

 

Любоў да горада складаецца з непаўторных дробязяў

Скульптуры Андрэя Вараб'ёва можна ўбачыць у многіх гарадах Беларусі, ў Магілёве яны ўпрыгожваюць пляцоўку каля Палаца гімнастыкі і тэрыторыю МДУ. Скульптар упэўнены, што «горад павінны фарміраваць людзі, якія тут жывуць»

Скульптуры Андрэя Вараб’ёва можна ўбачыць у многіх гарадах Беларусі, ў Магілёве яны ўпрыгожваюць пляцоўку каля Палаца гімнастыкі і тэрыторыю МДУ. Скульптар упэўнены, што «горад павінны фарміраваць людзі, якія тут жывуць»

— Калі ўявіць любы горад з вышыні птушынага палёту, мы ўбачым аднолькавыя дамы ды вуліцы. Чым ніжэй спускаешся — тым больш адкрываюцца дробязі. А скульптура — акурат з такіх дробязяў, якія насычаюць горад каларытам, ствараюць яго адметны дух, адзначае Андрэй Вараб’ёў.

— Нашым чыноўнікам часта падабаецца тое, што ўжо стаіць у іншых гарадах. Але кожны горад мусіць быць адметным, як жывы арганізм жыць сваім жыццём. І калі запрашаюць працаваць, напрыклад, мастака з Мінску, трэба разумець, што ён не зможа перадаць у сваёй працы любоў да Магілёва. Насамрэч, горад павінны фарміраваць людзі, якія тут жывуць.

 

Грошаў пакуль няма

— На ўсталяванне скульптуры патрэбна каля 200 мільёнаў. Я прапанаваў скульптуру на нядаўнім «кірмашы» культурніцкіх праектаў. Зараз ідуць перамовы з гарадскімі ўладамі, пакуль, адзіны адказ — грошаў няма. Буду спрабаваць выходзіць на абласное начальства. Я выдатна разумею, што цяпер, магчыма, адзіны рэальны шанец усталяваць «Закаханых».

Горад аб’яўлены «Культурнай сталіцай», а скульптура можа стаць не толькі сімвалам кахання і маладосці магілёўцаў, але і адзначыць гэтую падзею. Зразумела, сам статус вельмі ўмоўны, але дзякуючы яму мы можам зрабіць Магілёў, яго жыхароў і саміх сябе, трошкі больш культурнымі. І тут нашым чыноўнікам, на мой погляд, бракуе простай смеласці. Бо рашэнні прымаюцца ў многіх інстанцыях, а ў любой вялікай кампаніі заўсёды знойдзецца чалавек, які скажа: «да вы што, народ гэтага не зразумее!». І тут важна адстаяць сваё меркаванне. Без гэтага зменаў не будзе. Галоўнае — жаданне, магчымасці знойдуцца, — дадаў Андрэй Вараб’ёў.