У Магілёве збіраюць грошы, каб выкупіць фрагмент Скарынавай Бібліі

«Музей гісторыі Магілёва» плануе выкупіць у прыватных калекцыянераў 2 кнігі, якія маюць вялікае значэнне для нацыянальнай спадчыны.

Першы з рарытэтаў — фрагмент Бібліі, які уяўляе сабой частку кнігі, складзеную з некалькіх старонак (bifolium). Гаворка ідзе пра асобны аркуш з «Кнігі Царстваў», які з дакладнасцю 99% надрукаваны ў 1518 годзе. Ліст, бясспрэчна, уяўляе культурную каштоўнасць для Беларусі, бо ў краіне ёсць толькі адзін асобнік «Бібліі» Скарыны — канвалют з 10 ягоных кніжак, піша nn.by са спасылкай на Андрэя Радкова, аднаго з арганізатараў акцыі па выкупе Статута ВКЛ.

Па словах Андрэя Радкова, перамовамі з прадаўцом каштоўнасці займаецца дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў:

— Цяпер лот знаходзіцца па-за межамі Беларусі. Некалькі гадоў таму ўладальнік набыў аркушы «Бібліі» на аўкцыёне за 9 000 даляраў. Прадаць ён пагадзіўся па той самай цане.

 

У Магілёве можа зъявіцца кніга Спірыдона Собаля

Другі рарытэт, які плануе набыць Музей гісторыі Магілёва – кніга Спірыдона Собаля. Пакуль ніводнага выдання славутага заснавальніка друкарні пры Багаяўленскім манастыры ў горадзе няма.

— Мы знайшлі ў продажы кнігу «Апостал», выдадзенаю Спірыдонам Собалем. Яна знаходзіцца не ў Беларусі, і ацэненая ў 10 000 даляраў ЗША, — паведаміў Андрэй Радкоў. — Мы разлічваем на дзяржаўную дапамогу, але патрэбную суму наўрад ці атрымаем. Таму падтрымка грамадскасці вельмі патрэбная.

 

Як можна далучыцца да збору грошаў

Усе заахвочаны могуць дапамагчы збору сродкаў, пералічыўшы грошы на рахунак музея:

УК «Музей гісторыі Магілёва» 212030, Магілёў, вуліца Ленінская, 1А.

Рахунак:

УНП 790203960

Філія 700 МАУ ААТ «АСБ Беларусбанк» МФО 153801536

р/р 3642014673147 Магілёў, вуліца Першамайская, 71.

Мэта плацяжу: На развіццё музейнай справы і ахову гісторыка-культурнай спадчыны (для куплі кнігі Скарыны ці для куплі кнігі Спірыдона Собаля).

Увага: бухгалтэрыя музея просіць дакладна і цалкам пазначаць мэту плацяжу.