У Магілёве назвалі вуліцы, якім вярнуць гістарычныя назвы

Тапанімічная камісія пры гарвыканкаме плануе назваць вуліцу Ленінская — Ветранай, а частку вуліцы Лазарэнка — Віленскай. 

Адкрытае абмеркаванне праблем гарадской тапамініцы адбылася 29 сакавіка ў межах культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі» у Магілёве.

На сустрэчу акрамя сябраў гарадской тапанімічнай камісіі прыйшло яшчэ каля 40 зацікаўленых магілёўцаў. 

— У Казіміраўцы нядаўна з’явіліся вуліцы Бялыніцкага-Біруля і Пысіна. У планах тапанімічнай камісіі ўшанаваць імёны Спірыдона Собаля, Аляксандра Дамбавецкага, Ефрасінні Полацкай, — кажа сябра тапанімічнай камісіі, гісторык Ігар Пушкін.

 

Якія яшчэ вуліцы Магілёва могуць атрымаць новыя імёны?

Па словах Ігара Пушкіна, камісія не займаецца перайменаваннем вуліц, а вяртае гістарычныя назвы. Напрыклад, у бліжэйшых планах вярнуць частцы вуліцы Ленінскай назву Ветраная, а частку вуліцы Лазарэнка вярнуць назву Віленская.

Імёны новых вуліц ужо іншае пытанне. Тут прыярытэт надаецца назвам, якія прыжыліся сярод людзей. Калі такога няма — шукаюць сярод імёнаў асоб, якія зрабілі ўнёсак у гісторыю Магілёва, потым у гісторыю вобласці і гісторыю дзяржавы. І толькі пасля ўжо разглядаюцца іншыя варыянты, нейкая мілагучная назва, напрыклад.

 

Тапанімічная камісія мае дарадчыя функцыі

Рашэнне камісіі выносіцца на абмеркаванне ў гарвыканкам, дзе яно зацвярджаецца, альбо не.

— Рэкамендацыі тапанімічнай камісіі часта ігнаруюць. Ды і не ўсе неабходныя пытанні ўлады выносяць на разгляд камісіі, — з сумам адзначае выкладчык Лявон Сугака.

 

Гарадская тапаніміка: самаідэнтыфікацыя, зручнасць, турыстычныя прывабнасці

— Для магілёўскіх уладаў гарадская тапаніміка яшчэ не стала прыярытэтам, бо бракуе гістарычнай адукаванасці, — кажа Лявон Сугака.

У адказ на гэта Алесь Агееў гаворыць аб выключнай ролі прыватнай ініцыятывы ў працэсе вяртання назваў:

— У гарвыканкам паступаюць адзінкавыя звароты, якія потым разглядае камісія. Яшчэ менш ахвочых давесці сваю ініцыятыву да канца, напрыклад, збіраць подпісы, ці пісаць паўторныя лісты. Пры гэтым, грашовае пытанне тут не стаіць. Пры працэдуры вяртання вуліцы гістарычнай назвы фізічная асоба не нясе выдаткі. Толькі калі прадае кватэру. Пашпарт таксама мяняць не трэба. Невялікі падатак чакае юрыдычных асобаў.

Астатнія выдаткі нясуць гарадскія ўлады, грошы пойдуць, напрыклад, на змену шыльдаў з назвамі вуліц.

 


Спасылка па тэме:

Безымянному могилёвскому переулку вернут историческое название