У майстэрні скульптара ажывае будучы анёл-ахоўнік Магілёва

Андрэй Вараб’ёў распавёў пра скульптуру будучага гарніста, які будзе з’яўляцца на Ратушы і «выконваць» фанфару.

Як раней пісаў gorad.by, планавалася, што штучнага гарніста зробяць з алюмінія і жалеза. Пасля таго, як скульптуру ўсталююць, у пэўны час дзверы на гаўбцы Ратушы будуць адчыняцца і з будынка будзе з’яўляцца гарніст. Ён павернецца прыкладна на 90 градусаў, падыме левую руку і зайграе фанфару.

Інжэнерную частку будучага гарніста распрацаваў майстар гадзіннікавых спраў Музея гісторыі Магілёва Генадзь Галоўчык, а стварэннем вобраза і яго ўвасабленнем ў жыццё займаецца магілёўскі скульптар Андрэй Вараб’ёў.

Gorad.by завітаў у майстэрню да Андрэя Вараб’ёва і даведаўся, як будзе выглядаць скульптура.

— Спачатку, планавалася, што наш гарніст будзе немалады мужчына, — распавядае Андрэй. — Але на раскопках археолагі знайшлі частку дзіцячай цацкі – галаву хлопчыка ў трохвуголцы. Гэты вобраз я ўзяў за аснову. У выніку, наш гарніст будзе хлопчыкам.

Злепак галавы па вобразу знойдзенай археолагамі цацкі

Злепак галавы па вобразу знойдзенай археолагамі цацкі

Пад уплывам гэтай знаходкі, падчас работы над скульптурай, у Андрэя нарадзілася наступная гісторыя:

— Уявіце сабе. Часы Магдэбургскага права, у горадзе пабудавалі Ратушу, ва ўсіх патрыятычны ўздым. Гараджане абіраюць маладога хлопца, сына магілёўскага магната, каб той штодзень выходзіў апоўдні граць фанфару. Наш хлопец – вельмі натхнёны гэтай ідэяй, ён адчувае сябе анёлам-ахоўнікам горада. Ён не можа спазніцца ці сыграць дрэнна, бо лічыць, што з-за гэтага з горадам можа здарыцца нешта дрэннае. Адзін замежны майстр, калі праязжаў праз горад, убачыў гарніста і быў уражаны адданасцю хлопчыка сваёй справе, а пасля зрабіў ляльку, падобную на магілёўскага гарніста.

Магілёўскі скульптар Андрэй Вараб'ёў

Магілёўскі скульптар Андрэй Вараб’ёў

Вышыня і вага скульптуры гарніста будуць, як у звычайнага чалавека, — 1,8 метра і 70-80 кілаграмаў адпаведна. Галаву і кісці яе адальюць з бронзы. На галаве ў хлопчыка будзе характэрная для часоў Магдэбурскага права трохвуголка, на плячах — плашч са зварнога жалеза, а ў руцэ — горн са сцяжком. У гардэробе гарніста, магчыма, будзе два рознакаляровых плашчы: на святочныя і на буднія дні.

Скульптуру плануюць завяршыць і ўсталяваць да Дня горада, 28 чэрвеня. На яго выраб музей гісторыі Магілёва выдзяляе 100 мільёнаў рублёў.

— Дзве трэці сродкаў на выраб скульптуры ёсць, на астатнюю частку патрабуецца спонсарская падтрымка, каб зрабіць скульптуру якасна. Гарніст пасля ўсталёўкі можна быць і рэкламшчыкам, — кажа дырэктар музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў.

  • Такім планаваўся гарніст спачаткуТакім планаваўся гарніст спачатку
  • Гарніст будзе з'яўляцца на гаўбцы РатушыГарніст будзе з’яўляцца на гаўбцы Ратушы